Белорусский портал в Казахстане

У Мінску пачаў працу VI з`езд беларусаў свету



Стан беларускай нацыі ва ўмовах глабалізацыі стане асноўнай тэмай VI з`езда беларусаў свету, які адкрыўся 24 ліпеня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры.

Двухдзённы з`езд арганізаваны міжнародным грамадскім аб`яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". На яго з`ехаліся прыкладна 300 дэлегатаў, якія прадстаўляюць беларускія дыяспары з 20 замежных краін.

Як лічаць арганізатары, тэма выклікаў і магчымасцяў, якія стаяць перад беларускай нацыяй у сучасным свеце, абумоўлена працэсамі, "калі назіраецца ўзмацненне працэсаў глабалізацыі".

"Узаемазалежнасць і ўзаемныя ўплывы розных культур спараджаюць новае аблічча свету, светапогляд яго жыхароў і новыя магчымасці. Тым часам, калі міграцыйныя працэсы становяцца ўсё больш актыўнымі, усё больш павялічваецца значэнне нацыянальных дыяспар", — адзначаецца ў прэс-рэлізе пра з`езд.

"У той жа час у новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца і з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, памяншэння цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі", — адзначаюць актывісты "Бацькаўшчыны".

На з`езд запрошаны міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, рэлігійных арганізацый і таварыстваў. Запланавана сустрэча дэлегатаў з прадстаўніцтвамі дзяржаўных ведамстваў па пытаннях працы з беларусамі замежжа.

У межах з`езда будуць працаваць тры тэматычныя секцыі: па пытаннях, што датычацца магчымасцяў унутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, культурнай спадчыны беларускага замежжа, супрацоўніцтва "новай" і "старой" іміграцыі на карысць нацыянальнага развіцця.

Даведка БелаПАН. З`езды беларусаў свету пад эгідай "Бацькаўшчыны" праходзяць раз у чатыры гады. Першы нацыянальны форум у 1993 годзе сабраў больш за тысячу дэлегатаў з Беларусі і беларускіх замежных дыяспар.

"ЗБС "Бацькаўшчына" ўтварылася ў пачатку 1990-х гадоў. Першым прэзідэнтам аб`яднання стаў культавы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, старшынёй савета — празаік, крытык і літаратуразнавец Яўген Лецка.

З 1993 па 2001 гады пасаду старшыні "Бацькаўшчыны" займаў грамадскі дзеяч, геолаг, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыні савета — Ганна Сурмач, якая была ў свой час дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Беларусі.

Гісторык Анатоль Грыцкевіч і дзеяч культуры, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Алена Макоўская ў 2001 годзе былі абраныя на пасады прэзідэнта і старшыні савета аб`яднання адпаведна. У 2005 годзе на прэзідэнцкай пасадзе Грыцкевіча змяніў мастак Алесь Марачкін, месца старшыні савета засталося за Макоўскай.

З 2009 года Алена Макоўская з`яўляецца прэзідэнтам "ЗБС "Бацькаўшчына". Каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская займае пасаду старшыні савета аб`яднання.


Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 23 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/567/22383
Текущая дата: 18.11.2024