Белорусский портал в Казахстане

Беларусь выбрана ў склад Камітэта па культурнай разнастайнасці ЮНЕСКА



Пра гэта паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Францыі.

13 чэрвеня падчас 4-й сесіі Канферэнцыі бакоў Канвенцыі 2005 года аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення Беларусь была абрана ў склад Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (Камітэт па культурнай разнастайнасці).

Камітэт па культурнай разнастайнасці складаецца з 24 членаў, якія выбіраюцца на чатыры гады Канферэнцыяй бакоў Канвенцыі 2005 года. На цяперашняй канферэнцыі было выбрана 12 новых членаў камітэта з мандатам да 2017 года.

Беларусь упершыню ўвайшла ў Камітэт па культурнай разнастайнасці. "Абранне нашай краіны сведчыць пра патэнцыял Беларусі ў галіне аховы і заахвочвання разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення. Членства Беларусі ў Камітэце па культурнай разнастайнасці дазволіць нашай краіне адстойваць беларускія інтарэсы ў межах рэалізацыі Канвенцыі ЮНЕСКА, а таксама аказваць уплыў на прыняцце рашэнняў пры размеркаванні фінансавых сродкаў Фонду культурнай разнастайнасці ЮНЕСКА на ажыццяўленне канкрэтных праектаў", — гаворыцца ў паведамленні.

Беларусь з`яўляецца таксама членам Выканаўчага савета ЮНЕСКА і Міжурадавага камітэта па праграме  ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера" (МАБ). Камітэт па культурнай разнастайнасці стаў трэцім з органаў кіравання ЮНЕСКА, у склад якіх уваходзіць Беларусь.

Канвенцыя 2005 года з`яўляецца міжнародным актам у падтрымку развіцця культурнай разнастайнасці з дапамогай такіх сродкаў, як культурныя мерапрыемствы, тавары і паслугі. Беларусь далучылася да гэтай канвенцыі 4 жніўня 2006 года і была дзясятай па ліку дзяржавай, што ратыфікавала канвенцыю, якая налічвае сёння 125 дзяржаў-бакоў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 14 чэрвеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/571/21603
Текущая дата: 18.11.2024