Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі "з разуменнем і пачуццём шкадавання" ўспрынялі рашэнне папы рымскага Бенедыкта XVI аб зняцці з сябе паўнамоцтваў



Пра гэта гаворыцца ў звароце, які Аляксандр Лукашэнка накіраваў пантыфіку, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

"За гады вашага служэння з усёй паўнатой раскрыўся сэнс місіі пантыфіка. Вы нястомна змагаліся за захаванне маральных каштоўнасцяў хрысціянства, якія з`яўляюцца базавымі для вырашэння праблем сучаснага свету, рабілі ўсё для ўзвядзення мастоў узаемаразумення, павагі і любові паміж рознымі краінамі, народамі і канфесіямі", — гаворыцца ў звароце.

"З вялікім задавальненнем я ўспамінаю сустрэчу з вамі ў Ватыкане. Ваша адкрытая пазіцыя і ўвага да нашай краіны, садзейнічанне развіццю адносінаў паміж апостальскім прастолам і Беларуссю здабылі вам павагу і ўдзячнасць беларускіх грамадзян", — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка выказаў Бенедыкту XVI шчырую ўдзячнасць, пажадаў моцнага здароўя, аптымізму і Божай дапамогі на многія гады.

Пра сваё рашэнне пакінуць папскае служэнне 85-гадовы пантыфік паведаміў 11 лютага. Бенедыкт XVI пакіне Ватыкан у 17.00 у чацвер, 28 лютага, і на верталёце адправіцца ў летнюю папскую рэзідэнцыю Кастэльгандольфа. Рэжым "вакантнага прастола" ў Ватыкане будзе аб`яўлены ў гэты ж дзень у 20.00 (у 22.00 па мінскім часе).

Лукашэнка сустракаўся з пантыфікам 27 красавіка 2009 года падчас візіту ў Ватыкан. Тады ён запрасіў Бенедыкта XVI наведаць Беларусь і выказаў гатоўнасць садзейнічаць яго сустрэчы з кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы Кірылам на беларускай тэрыторыі.

"Прысутнасць на сустрэчы малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая стварыла вельмі цёплую, вельмі сардэчную атмасферу, выклікала вельмі чалавечае стаўленне з боку пантыфіка", — паведаміў паводле вынікаў візіту прадстаўнік МЗС Беларусі.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/585/19627
Текущая дата: 18.11.2024