Белорусский портал в Казахстане

Міжнародны форум камерных аркестраў плануецца ўпершыню правесці ў Беларусі ў 2013 годзе



Аб гэтым паведаміў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь Яўген Бушкоў.

Такі праект не мае ў краіне аналагаў. Яго задача - паказаць беларускаму гледачу індывідуальнасць і разнастайнасць камерных аркестраў, прадэманстраваць багацце камернага рэпертуару і пазнаёміць публіку з замежнымі артыстамі.

У фестывалі будуць прымаць удзел лепшыя калектывы Еўропы. Кожны аркестр наведае Беларусь са сваёй канцэртнай праграмай. Эксклюзіўнасць праекта - у выкананні твораў, напісаных для камернага аркестра кампазітарам сваёй краіны.

"Правядзенне форуму я задумаў яшчэ вясной 2012 года, ідэя атрымала падтрымку на ўзроўні намесніка міністра культуры. Сутнасць у тым, каб прадаўжаць дасягненні камернага аркестра Беларусі, які ў 1975 годзе ў Вільні быў прызнаны адным з лепшых калектываў СССР. Цяпер не праводзяцца такія агляды-форумы, дзе выяўляюцца лідары ў камернай прасторы. Фестываль дапаможа вызначыць наша рэальнае становішча ў параўнанні з іншымі вядучымі камернымі аркестрамі Еўропы", - сказаў 27 лютага Яўген Бушкоў.

Музычны форум будзе праходзіць на гістарычных пляцоўках Нясвіжа. У планах арганізатараў вар`іраваць месцы правядзення канцэртаў. Музыку падзеляць на палацавую і пленэрную. Сярод запрошаных на першы фестываль - літоўскі аркестр. Вядуцца перагаворы аб прыездзе ў Беларусь калектываў з Польшчы і Швейцарыі.

Міжнародны форум камерных аркестраў - адзін з праектаў Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь з нагоды свайго 45-годдзя.

У сакавіку калектыў пачне канцэртны тур па малых гарадах рэспублікі з новай праграмай "Музычныя сады краіны Беларусь". У асенняй перспектыве - вяртанне на сцэну Вялікай залы Маскоўскай кансерваторыі. Выступленне таксама будзе прымеркавана да юбілею калектыву.

28 лютага 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/585/19667
Текущая дата: 18.11.2024