Белорусский портал в Казахстане

Дзевяноста гадоў таму — 30 снежня 1922 года — быў створаны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік



А 25 снежня 1991 года ён спыніў сваё існаванне. Што значыў ці, магчыма, і цяпер значыць для вас СССР?

Зоя Паўлючэнка, Ленінградская вобласць, дыспетчар аўтапарка:

— Для мяне сацыялізм — гэта час павальнага дэфіцыту, чэргі літаральна на ўсё — кансерваваны гарошак, маянэз, апельсіны, мандарыны, мяса, рыбу, імпартнае адзенне. Чаго ж, здавалася, не хапае нам у сённяшняй дэмакратычнай Расіі? З гэтай нагоды згадваю выпадак, які перавярнуў усю свядомасць. Аднойчы ў аўтобус, у якім ехала, зайшла кантралёр. Побач са мной сядзела згорбленая бабулька, у якой не аказалася грошай, каб аплаціць праезд.

Дагледжаная, гладкая маладзіца так абразіла старую, што ў той выступілі слёзы на вачах: "Дзеткі, я ўсё жыццё аддала заводу, працавала на гэтую дзяржаву, дык няўжо не заслужыла людскіх адносін да сябе?" Але пасажыры абыякава адварочваліся ад яе. І тады я зразумела: як бы ні ацэньвалі цяпер савецкі лад, але ён быў больш чалавечны, людзі нават у самыя цяжкія часы захоўвалі чалавечую годнасць, гатовы былі прыйсці на дапамогу. Не было культу грошай, не лічылася нечым ганебным перахапіць у суседа "пяцёрку" да зарплаты. Нармальнай з`явай тады лічылася ўсё, што цяпер здаецца непрымальным: любоў да Радзімы, павага да чалавека працы, імкненне да ведаў, жаданне прыносіць карысць сваёй краіне.

А вялікая савецкая культура сапраўды выхоўвала ў людзях чалавечнасць, жаданне да самаўдасканалення.

Ала Казлова, г. Баранавічы, пенсіянерка:

— У маім жыцці Савецкі Саюз шмат што значыць, менавіта з савецкім перыядам звязаны лепшыя ўспаміны. Дзяцінства, школьныя гады, прыём у акцябраты, а затым у піянеры. Помню, дамоў ляцела як на крылах, калі стала піянеркай, і нават расшпіліла паліто, каб усе бачылі чырвоны гальштук.

За час работы экскурсаводам аб`ездзіла ўсю краіну, і ўсюды да нас ставіліся вельмі добра, гасцінна і ветліва. Калісьці мы жылі адной дружнай сям`ёй. У мяне засталося шмат знаёмых і сяброў цяпер ужо ў суверэнных краінах на постсавецкай прасторы. Бясспрэчна, хацелася б з імі сустрэцца, пагутарыць па душах, даведацца, як ім жывецца. Але ж, па-першае, няма матэрыяльнай магчымасці, а па-другое, нас раз`ядноўваюць межы, мытні, візы...

Алена Паплаўская, г. Мінск, прэс-сакратар упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама:

— Што для мяне Савецкі Саюз? Многае. Гэта і словы цудоўнай песні, дзе ёсць такія радкі: "Мой адрас — Савецкі Саюз". Гэта і вядомы значок з Ільічом на грудзях.

А колькі слёз было праліта, што не ўвайшла ў першую пяцёрку лепшых піянераў — не хапіла ўзросту. І гэтае імкненне, закладзенае піянерскай і камсамольскай арганізацыямі — быць заўсёды наперадзе, удасканальвацца, не баяцца цяжкасцяў, выстаяць і перамагчы — застаецца са мной у жыцці. Ды і людзі былі больш душэўнымі, адкрытымі. Сама атмасфера таго часу была насычана адчуваннем пастаянства і спакою. А ў памяці зноў усплываюць захапляльная дваровая гульня ў выбівалы, піянерскія песні каля вогнішча, збор макулатуры для таго, каб мець магчымасць набыць кнігі любімага класіка, першыя красоўкі "Адзідас", штроксы ці джынсы. Цяпер бы "машыну часу" — і ў слаўнае мінулае.

Таццяна Лазоўская
Звязда, 18 снежня 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/595/18437
Текущая дата: 19.11.2024