Белорусский портал в Казахстане

Беларускае піва адзначылі "золатам"



На выставе ў Сочы два гатункі пеннага напою з Ліды — "Лідскае Premіum" і "Лідскае Pіlsner" — атрымалі залатыя медалі.

— "Лідскае Premіum" стварылі сумесна з фінскімі тэхнолагамі. У яго рэцэптуры — мяккая артэзіянская вада, духмяны нямецкі хмель, адборны солад і асаблівая раса дражджэй, якую фіны выкарыстоўваюць толькі для прыгатавання прэміяльных гатункаў піва", — адзначыў Аўдрыус Мікшыс, генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва".

Дарэчы, журы конкурсу выбрала беларускую прадукцыю са 112 узораў з Расіі, Бельгіі, Украіны і Беларусі.

Асаблівую ўвагу звярталі на такія якасці, як празрыстасць, смак, водар, пенастойкасць і хмелевая горыч. Міжнародны форум "Піва", адкуль беларусы прывезлі "золата", — буйнейшае ў Расіі выставачнае мерапрыемства піўной і безалкагольнай індустрыі, якое штогод збірае на берагах Чорнага мора лепшыя піваварныя кампаніі СНД, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа.

Ганна Гарустовіч
Звязда, 26 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/641/14312
Текущая дата: 18.11.2024