Белорусский портал в Казахстане

На ЧАЭС пабудуюць новы саркафаг



Сёньня распачаліся мантажныя працы на ўзьвядзеньні новага саркафагу над зруйнаваным чацьвёртым блёкам Чарнобыльскай АЭС.

У цырымоніі ўзяў удзел украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч, які націснуў сымбалічную кнопку запуску тэхналягічнага цыклю. Прысутнічалі таксама паслы краінаў-донараў чарнобыльскага фонду «Укрыцьцё» і прадстаўнікі Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Плянуецца, што менавіта донары дапамогуць аплаціць складаную канструкцыю, цана якой можа дасягнуць мільярда эўра.

Першапачатковы саркафаг над разбураным блёкам будаваўся ў надзвычайных умовах і за мінулы час стаў страчваць стабільнасьць. Публікаваліся дасьледаваньні, паводле якіх стабілізаваць частку старой канструкцыі магчыма ня больш як на 15 гадоў. Таму шукалі новае рашэньне, якім стала канструкцыя аркі над старым саркафагам. Ва ўкраінскіх мэдыях для яе апісаньня сталі ўжываць слова канфайнмэнт, ад ангельскага confinement, якое мае спэктар значэньняў – ад гермэтызацыі, утрыманьня, абмежаваньня, да турэмнага зьняволеньня.

Арка будзе мець у сваёй аснове плошчу прыблізна як чатыры футбольных полі – 257 на 150 мэтраў, яе вышыня будзе 120 мэтраў. Дзеля большай бясьпекі працоўнага пэрсаналу арка будзе мантавацца на пэўнай адлегласьці ад старога саркафагу, а потым з дапамогай спэцыяльнай канструкцыі па рэйках будзе як бы насунутая на яго.

Будоўляй займаецца сумесная ўкраінска-француская кампанія NOVARKO. Плянуецца, што працы будуць завершаныя да кастрычніка 2015 году. Новы канфайнмэнт меў бы праслужыць прынамсі сто гадоў.

Радыё Свабода, 26 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/647/13825
Текущая дата: 18.11.2024