Белорусский портал в Казахстане

"Чырвоны цыркуляр" на Жаныша Бакіева і Жалалідзіна Салахутдзінава



Інтэрпол аб`явіў у вышук Жаныша Бакіева, брата экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, і аднаго з лідараў узбекскай дыяспары ў гэтай краіне Жалалідзіна Салахутдзінава.

Інтэрпол аб`явіў у вышук Жаныша Бакіева і Жалалідзіна Салахутдзінава. Аб гэтым, паводле інфармацыі агенцтва K-News (Навіны Кыргызстана), паведаміў 16 красавіка намеснік міністра ўнутраных спраў Кыргызстана Бактыбек Алымбекаў на пасяджэнні шэрагу парламенцкіх камітэтаў, дзе абмяркоўваецца інфармацыя аб ходзе расследавання падзей красавіка—чэрвеня 2010 года.

Алымбекаў адзначыў, што МУС Кыргызстана падрыхтавала і адправіла ў штаб-кватэру Інтэрпола матэрыялы і арыенціроўку на экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, яго брата Жаныша, сыноў Марата і Максіма. Яны праходзяць падазронымі па трагічных падзеях красавіка 2010 года.

Таксама былі адпраўленыя арыенціроўкі на лідараў узбекскай дыяспары Кадыржана Батырава, Жалалідзіна Салахутдзінава, Карамат Абдулаеву, Інамжана Абдрасулава, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі міжэтнічнага канфлікту ў чэрвені 2010 года.

"Аднак Інтэрпол выдаў "чырвоны цыркуляр" (вышуковы бланк. — БелаПАН.) толькі на двух чалавек: Жаныша Бакіева і Жалалідзіна Салахутдзінава. Па астатніх запытах нам было адмоўлена з-за недахопу прававой базы і падстаў для аб`яўлення ў вышук", — сказаў Алымбекаў.

Нягледзячы на гэта, МУС самастойна праводзіць следчыя мерапрыемствы для затрымання астатніх абвінавачаных, падкрэсліў Алымбекаў.

Як нагадвае K-News, Жаныш і Курманбек Бакіевы знаходзяцца ў Беларусі пад заступніцтвам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які адмаўляецца выдаваць іх Кыргызстану. Кадыржан Батыраў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Швецыі. Месцазнаходжанне астатніх лідараў узбекскай дыяспары не ўстаноўлена.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 16 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/652/13582
Текущая дата: 18.11.2024