Прадстаўнікі міністэрстваў абароны, замежных спраў і саветаў бяспекі пяці краін АДКБ сабраліся ў Мінску.
Палітычная сітуацыя на Еўразійскім кантыненце ў 2023 годзе абвастрылася, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік на сумесным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў, Саўміна абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ у Мінску.
Адкрываючы пасяджэнне, Сяргей Алейнік звярнуў увагу, што ў адрозненне ад даволі халаднаватай лістападаўскай атмасферы за акном пасяджэнне праходзіць у сяброўскай і цёплай атмасферы, якая заўсёды лічылася візітнай карткай усіх мерапрыемстваў АДКБ.
Міністр абазначыў асноўную тэму сустрэчы – вынікі 2023 года, вынікі работы ў адыходзячым годзе таксама плануецца абмеркаваць на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў-членаў АДКБ, намечанай на чацвер.
"Гэты год выдаўся вельмі складаным і напружаным – і для АДКБ, і для яе дзяржаў-членаў, і для беларускага старшынства ў арганізацыі", - сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
"Мы прынялі яго (старшынства ў АДКБ) у перыяд сістэмнага крызісу міжнародных адносін і беспрэцэдэнтнага абвастрэння ваенна-палітычнай сітуацыі на Еўразійскім кантыненце", - адзначыў Алейнік.
Тым не менш, звярнуў увагу кіраўнік МЗС Беларусі, у перыяд беларускага старшынства ў арганізацыі ўдалося правесці амаль усе запланаваныя мерапрыемствы.
Мінск у 2023 годзе старшынствуе ў АДКБ, у якую ўваходзяць шэсць дзяржаў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Прадстаўнікі Арменіі не бяруць удзел у пасяджэнні 22 лістапада.
Па выніках пасяджэння прадстаўнікі краін АДКБ плануюць падпісаць шэраг дакументаў.
На 23 лістапада запланавана сесія Савета калектыўнай бяспекі арганізацыі, у якой прымуць удзел прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян на саміт не прыедзе.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/66/71559
Текущая дата: 17.11.2024