Белорусский портал в Казахстане

У Францыі пададзены іск супраць міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова



Французскі адвакат Уільям Бурдон 19 студзеня ў Парыжы падаў судовы іск супраць міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, які знаходзіцца ў Францыі.

Як паведаміла памочніца Уільяма Бурдона, Куляшова абвінавачваюць у катаваннях. Адвакат Бурдон дзейнічае ад імя пяці беларусаў.

"Шансы, што спадара Куляшова арыштуюць, даволі высокія, і мы на гэта разлічваем", — адзначыла памочнік адваката.

Яна не сказала, чые менавіта інтарэсы прадстаўляе адвакат. Разам з тым грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now распаўсюдзіла заяву аб тым, што Бурдон дзейнічае ад яе імя. Ініцыятыва Free Belarus Now заснавана сем`ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваны падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Як паведамлялася раней, беларуская дэлегацыя на чале з Анатолем Куляшовым бярэ ўдзел у перамовах, якія праходзяць 17—20 студзеня ў Ліёне ў Генеральным сакратарыяце Інтэрпола.

Міністр Куляшоў уключаны ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза ў сувязі з парушэннем у Беларусі стандартаў правядзення выбараў. Але візавыя санкцыі ЕС не дзейнічаюць у выпадках, калі чыноўнікі наведваюць мерапрыемствы міжнародных арганізацый.

Французская віза кіраўніку МУС Беларусі выдадзена па просьбе Інтэрпола. "Францыя выканала абавязацельствы дзяржавы, якая прымае на сваёй тэрыторыі міжнародныя арганізацыі", — растлумачылі БелаПАН 17 студзеня ў пасольстве Францыі.

Пры гэтым у дыппрадстаўніцтве адзначылі, што гэта не шэнгенская віза, а "віза тэрытарыяльна абмежаванага дзеяння", якая дае права толькі на наведванне Францыі. Яна выдадзена на тэрмін афіцыйнай паездкі.

Акрамя таго, паведамілі ў пасольстве, гэта не двухбаковы візіт: падчас паездкі не прадугледжваецца ніякіх кантактаў беларускага міністра з прадстаўнікамі Францыі.

Уільям Бурдон нарадзіўся ў 1956 годзе. Спецыялізуецца на абароне правоў чалавека і ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці. У 1995—2000 гадах быў генеральным сакратаром Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

"Ён быў вельмі актыўны ў ініцыяванні юрыдычных працэдур у Францыі супраць былых лідараў Сербіі ці Руанды, якіх падазравалі ў злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах", — паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

Бурдон таксама прадстаўляе сем`і ахвяр чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта і некаторых французскіх вязняў амерыканскай турмы ў заліве Гуантанама (Куба).

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/672/11875
Текущая дата: 17.11.2024