Белорусский портал в Казахстане

9 ліпеня ПА АБСЭ прыме рэзалюцыю ў справе Беларусі



Прадстаўнікі рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі на чале з Утай Цапф сустрэліся зь лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславам Шушкевічам і Ірынай Багданавай, сястрой экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава.

Сустрэча адбылася 7 ліпеня ў Бялградзе ў рамках штогадовай сэсіі ПА АБСЭ, паведамляе прэс-служба асамблеі. Бакі абмеркавалі дзеяньні, якія неабходна распачаць для паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Прэс-служба ПА АБСЭ нагадвае, што 9 ліпеня на пленарным пасяджэньні сэсіі будзе абмяркоўвацца рэзалюцыя аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падрыхтаваная Утай Цапф.

Як раней паведамляў БелаПАН, праект рэзалюцыі па Беларусі быў ухвалены 6 ліпеня на пасяджэньні Сталага камітэту ПА АБСЭ. У ім утрымліваецца патрабаваньне да афіцыйнага Менску правесьці незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне інфармацыі пра катаваньні ў беларускіх турмах.

Праект рэзалюцыі зьмяшчае патрабаваньне неадкладна вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году, якіх ПА АБСЭ лічыць палітычнымі зьняволенымі.

ПА АБСЭ таксама мае намер заклікаць афіцыйны Менск да цеснага супрацоўніцтва з прадстаўніком АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ для вырашэньня праблем, зьвязаных з пагрозай закрыцьця незалежных СМІ, і распрацаваць заканадаўства аб СМІ ў духу прынцыпаў АБСЭ.

У рэзалюцыі выказана надзея на тое, што беларускія улады не адновяць рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і надалей ня будуць забараняць мірныя дэманстрацыі і сходы.

Аўтары праекту рэзалюцыі заклікаюць улады Беларусі спыніць перасьлед, запалохваньне і рэпрэсіі сябраў апазыцыйных палітычных партый у форме звальненьняў з працы і выключэньня з унівэрсытэтаў.

У працы цяперашняй сэсіі ПА АБСЭ удзельнічае афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктарам Гумінскім.

 8 ліпеня 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/700/7800
Текущая дата: 17.11.2024