Белорусский портал в Казахстане

Беларускія журналісткі Ірына Халіп і Кацярына Кібальчыч атрымалі ўзнагароды "Залатое пяро Расіі"



Прэмія, заснаваная Саюзам журналістаў Расіі, прысуджаецца штогод па выніках мінулага года.

Абедзве журналісткі сёння працуюць у расійскіх СМІ: Ірына Халіп — уласны карэспандэнт "Новой газеты" ў Беларусі, Кацярына Кібальчыч — карэспандэнт расійскага "Першага канала".

У холе "Хамераўскага цэнтра" ў Маскве, дзе 11 лютага праходзіла цырымонія ўзнагароджання, быў устаноўлены банер "Новой газеты" з партрэтам Халіп, дзе паведамлялася, што Ірына не можа атрымаць узнагароду асабіста, бо знаходзіцца пад дамашнім арыштам у Мінску.

Нагадаем, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Ірына Халіп з`яўляецца падазронай па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня, ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Замест Халіп дыплом атрымаў намеснік галоўнага рэдактара "Новой газеты" Віталь Ярашэўскі. Ён заявіў, што ў Беларусі ўсё "вельмі дрэнна, нават горш, чым у Расіі". Супрацоўніцтва з Лукашэнкам галоўны рэдактар назваў "ганьбай" для расійскіх улад.

Кацярына Кібальчыч узнагароджана ў намінацыі "Спецыяльны карэспандэнт года" за серыю рэпартажаў аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Атрымаўшы ўзнагароду, яна адзначыла, што "ў Мінску цяпер стала вельмі цяжка працаваць журналістам". "Асабліва маім калегам, якія пастаянна жывуць у краіне. Многія з іх дапамагалі мне, гэта і іх узнагарода таксама. У цэлым расійскія каналы аб`ектыўна асвятлялі выбары ў Беларусі, знаходзілі эфірны час і дакладныя словы для ацэнкі падзей".

Беларуская тэма не выпадкова хвалюе расійскіх журналістаў, адзначыла вядучая цырымоніі, вядомая расійская журналістка Ірына Пятроўская. "За падзеямі ў Мінску трэба сачыць, каб падобнае не паўтарылася ў Расіі", — заявіла яна.

БелаПАН
Мінск, 13 лютага 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/738/4429
Текущая дата: 25.12.2024