Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка аб выніках саміту БРІКС: гэта вельмі моцны крок да шматпалярнага свету, але гегемонія Захаду пакуль не скончылася



Прэзідэнт Беларусі падзяліўся сваім бачаннем вынікаў праведзенага ў Іаганесбургу саміту БРІКС.

Журналісты, у прыватнасці, спыталі, ці не скончылася гегемонія Захаду ў сувязі з павелічэннем колькасці членаў БРІКС і планамі па далейшым умацаванні гэтай структуры. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Я думаю, што заходняя гегемонія пакуль не заканчваецца. Але гэта моцны крок у такім напрамку. І там не толькі СМІ, там палітыкі высокага ўзроўню напружыліся".

"Ёсць аб чым думаць і аб чым задумацца. Гэта вельмі моцны крок да шматпалярнага свету", - перакананы Прэзідэнт.

Беларусь на саміце БРІКС па даручэнні кіраўніка дзяржавы прадстаўляў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, які правёў серыю сустрэч з кіраўнікамі замежных дэлегацый, што ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: "Некалі я выступаў на саміце ШАС і адзначаў, што многія з прагрэсіўнага чалавецтва павярнуліся ў бок ШАС. І нам не спазніцца б, нам трэба падцягнуць гэтыя сілы, каб зрабіць магутнай гэту арганізацыю, каб з`явіўся гэты цэнтр сілы".

"БРІКС зрабіў гэты крок. Добра. Гэта першы крок, - прадоўжыў Прэзідэнт. - А далей, глядзіш, і нейкія разліковыя адзінкі, валюта з`явіцца. Яны ж гэтага баяцца больш за ўсё, асабліва амерыканцы, якія верхаводзяць. Яны разумеюць, што заўтра долар адбяруць у іх, з`явіцца новая валюта. І гегемонія скончыцца. На дурніцу, як у Беларусі кажуць, жыць ужо не атрымаецца. Давядзецца на гэтыя долары не проста працаваць, друкаваць іх круглыя суткі, а іх трэба будзе зарабляць, як гэта робім мы і ўвесь свет".

"Таму ў гэтым напрамку крокі зроблены, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Я чалавек радыкальны ў гэтым плане, заўсёды гавару, што крокі павінны быць больш рашучыя. Але ў той жа час пачынаю думаць - з-за розных меркаванняў, падыходаў можа і не атрымаецца зрабіць больш радыкальныя крокі".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: "Але галоўнае - не спыніцца. Трэба рухацца ў гэтым напрамку. І добра, што Кітай, Індыя не супраць былі, хоць іх там абходжваюць амерыканцы. Яны ў гэтым напрамку рушылі... Гэта амаль палова насельніцтва. Не дарэмна Нарэндра Модзі (прэм`ер-міністр Індыі.) сказаў, што ў бліжэйшы час гэта будзе эканоміка нумар адзін па сваім развіцці. Так і будзе. Яна ўжо ў гэтым годзе дэманструе высокія тэмпы, падцягнулася ўжо да Кітая".

"Таму хацелася б, каб з`явіўся гэты цэнтр альтэрнатыўны. Каб шматпалярнасць з`явілася, за якую мы выступаем колькі гадоў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў: "Шматпалярнасць - мы раней баяліся гэта выгаворваць. А я ўпершыню гэта сказаў гадоў дваццаць таму, знаходзячыся ў Кітаі: нам патрэбны шматпалярны свет. І свет да гэтага рухаецца. Дзякуй Богу", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

25 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/78/70781
Текущая дата: 18.11.2024