Конкурс на стварэнне помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве прадоўжаны да 1 сакавіка
Жанна Катлярова БЕЛТА
Конкурс на стварэнне помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве прадоўжаны да 1 сакавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі, сакратар конкурснай камісіі Людміла Назарава.
У галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбыўся конкурс эскізных праектаў помніка беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, які будзе ўстаноўлены ў гэтым годзе ў сталіцы Украіны каля будынка пасольства Рэспублікі Беларусь. У конкурсе прынялі ўдзел 16 аўтараў, якія прапанавалі 19 эскізных праектаў.
Першы прагляд не прынёс чаканага выніку: журы вызначыла два эскізныя праекты, якія прадоўжаць далейшы ўдзел у конкурсе. Яны максімальна апавядалі выстаўленым патрабаванням. Як адзначыла Людміла Назарава, паколькі вобраз беларускага пісьменніка складаны і шматгранны, прапанова ўдзельнічаць у конкурсе адрасавана галоўным чынам прафесійным скульптарам. Але сёння заяўкі ў Міністэрства культуры могуць падаваць і студэнты профільных вышэйшых навучальных устаноў. Магчыма, маладыя аўтары змогуць прадставіць сваё яркае бачанне асобы Уладзіміра Караткевіча, прапануюць цікавы вобраз.
Работы на конкурс можна прадстаўляць ў Міністэрства культуры Беларусі сакратару конкурснай камісіі да 25 лютага. На наступны дзень, 26 лютага, у галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў будзе адкрыта экспазіцыя эскізных праектаў, куды яшчэ ёсць магчымасць падаць сваю заяўку. Пасяджэнне конкурснай камісіі адбудзецца 1 сакавіка.
Помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве плануецца ўстанавіць да канца бягучага года. У лістападзе мінулага года ў сталіцы Украіны адбылася закладка памятнага каменя на месцы стварэння помніка выдатнаму беларускаму пісьменніку, паэту і драматургу.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/784/201
Текущая дата: 26.12.2024