Белорусский портал в Казахстане

Вайна ва Украіне пачалася задоўга да 2014 года



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з удзельнікамі 52-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД.

"Я абсалютна згодны з Прэзідэнтам Пуціным, калі ён гаворыць аб тым, што не мы пачалі гэту вайну. Яна пачалася нават не ў 2014 годзе. Яна пачалася задоўга да 2014 года. Мы бачылі ўсё, што тут адбывалася: той "карычневы" пераварот, які адбыўся, і да чаго Украіну падводзяць. Бачылі, хто быў у авангардзе", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуўся да прыкладу Расіі, дзе з 2014 года многія "свядомыя", як называюць такіх у Беларусі, вылі, крычалі, стагналі, патрабуючы абараніць рускага чалавека ў Данбасе. "Яны ж падштурхоўвалі да гэтага перш за ўсё. І ў нас таксама такія былі. Ну, абаранілі. І дзе гэтыя "свядомыя", разумныя, перадавыя апынуліся? Хто праз Лачынскі калідор пабег, хто праз Беларусь спрабаваў бегчы, але добра, што ў нас з Расіяй жорсткія правілы... Пачынаюць асуджаць кіраўніцтва Расіі - хто з Ізраіля, хто з Грузіі. А чаго вы асуджаеце? Вы ўчора былі заўзятымі прыхільнікамі гэтай аперацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Уявіце сабе: калі б у Мексіцы пачалі здзекавацца з грамадзян ЗША, амерыканцаў? Той Мексікі даўно не існавала б", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў кіраўніцтва Украіны было шмат варыянтаў для таго, каб людзі мірна жылі ва ўсёй Украіне. "Але ні былыя (прэзідэнты. - Заўвага БЕЛТА) Януковіч, Парашэнка, ні цяперашні Зяленскі гэтым не скарысталіся. Чаму не скарысталіся? Яны што, хацелі вайны? Не. Іх проста штурхалі да гэтага. Знайшлі слабыя месцы, дзе можна было націснуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі б гэта не пачалося крыху больш за год таму, гэта пачалося б заўтра, але ў больш горшых умовах для Расіі і Беларусі.

"Усё да гэтага ішло. Адзіная, напэўна, наша памылка, што мы не вырашылі гэта пытанне ў 2014-2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіны, ні гатоўнасці… Усё хацелі мірна неяк урэгуляваць. А яны за гэты час стваралі баяздольныя ўзброеныя сілы", - адзначыў Прэзідэнт. Прычым гэты намер ужо быў пацверджаны з боку ўдзельнікаў тых перагавораў па мірным урэгуляванні, у тым ліку былым Прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам. "Яны шчыра прызналіся, што яны рабілі ўсё, каб падрыхтаваць Украіну да вайны з Расіяй", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў органаў бяспекі і спецслужбаў краін СНД, Прэзідэнт сказаў: "Нам трэба проста супакоіцца. Я вас проста прашу паўплываць на палітыку ўнутры краіны, каб мы не разбегліся. Гэта вельмі небяспечна".

1 чэрвеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/96/69592
Текущая дата: 18.11.2024