Белорусский портал в Казахстане

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 3-4 чэрвеня



XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 3-4 чэрвеня, распавяла начальніца упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

«Свята ў Гродне будзе, як заўсёды, яркім і цікавым. У гэты раз мы падрыхтавалі цікавыя навінкі. Адной з іх стане фестываль прыгажосці і грацыі. Прадстаўніцы нацыянальных аб’яднанняў, якія ёсць у Беларусі, пакажуць разнастайнасць нацыянальных касцюмаў. Запланаваныя і ўпадабаныя мерапрыемствы: традыцыйна пройдзе тэатралізаванае шэсце, будуць высаджаныя дрэвы на алеі Дружбы ў Каложскім парку. Зацікавяць гасцей выставы і канцэрты, сустрэчы і майстар-класы», — расказала Алена Клімовіч.

Па яе словах, намечаны і мерапрыемствы да Года гістарычнай памяці. Напрыклад, запланаваны мітынг з ускладаннем кветак на Кургане Славы, прэзентацыя кнігі «Сёстры Хатыні» і тэматычныя круглыя сталы.

Пакуль канцэпцыя сёлетняга фестывалю прапрацоўваецца і дапаўняецца.

У фестывалі будуць удзельнічаць каля 800 прадстаўнікоў 30 нацыянальнасцяў. «Беларускі падворак» размесціцца на плошчы Леніна. Там усе рэгіёны рэспублікі прадэманструюць разнастайнасць беларускай культуры. Плануецца таксама ўдзел беларусаў замежжа, у тым ліку культурных груп, калектываў, якія пацешаць гасцей фестывалю сваёй творчасцю", — дадала Алена Клімовіч.

Фестываль нацыянальных культур стаў адным з брэндаў Гродна. Упершыню ён прайшоў у 1996 годзе і праводзіцца кожныя два гады.

У чэрвені 2020 года Гродна рыхтаваўся прыняць заключныя мерапрыемствы фестывалю ў 13-ы раз, але з-за эпідсітуацыі фестываль быў перанесены.

Звязда, 29 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-/1/64383
Текущая дата: 06.10.2024