Белорусский портал в Казахстане

Ігар Петрышэнка: спадзяёмся, фестываль нацыянальных культур будзе прырастаць новымі ідэямі і падыходамі



У Гродне 18 мая прайшло пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

"Нашы людзі засумавалі без гэтага фестывалю. Будзем яго праводзіць з 3 па 5 чэрвеня. У нас на канстытуцыйным узроўні зафіксавана роўнасць і рэалізацыя нацыянальных асаблівасцей усіх народнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У нас 156 нацыянальнасцей, з іх каля 25 аб`яднаны ў 205 грамадскіх арганізацый. Гэта вельмі добры, цікавы аспект. У фестывалі культур прымаюць актыўны ўдзел амаль 30 дыяспар. Яны актыўныя, яны тут інкарпараваныя, яны нашы беларусы, - расказаў журналістам намеснік прэм`ер-міністра Ігар Петрышэнка. - Прынята і рэалізуецца нацыянальная праграма "Культура Беларусі", у ёй ёсць пэўныя аспекты падтрымкі і развіцця, ёсць адпаведныя інстытуцыянальныя органы ў нашай краіне - упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі і іншыя структуры, непасрэдна арыентаваныя на падрыхтоўку і якаснае правядзенне фестывалю".

Па традыцыі фестываль праводзіцца ў Гродне з 1996 года. "Гэта маштаб рэспубліканскага мерапрыемства. І яны вельмі адказна, як вобласць, так і горад, падыходзяць да таго, каб усе дробныя дэталі былі ўлічаны. Каб з кожным фестывалем дадаваліся новыя, цікавыя моманты, звязаныя як з цырымоніяй адкрыцця, так і з пабудовай гала-канцэрта адкрыцця, работы падворкаў, дзе дэманструюцца нацыянальныя асаблівасці культур, нацыянальнага адзення, нацыянальнай кухні і рамеснае майстэрства народнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. І ўсё гэта ў адзінай дружнай беларускай сям`і. Што вельмі важна, ва ўсіх гэтых мерапрыемствах актыўны ўдзел прымае моладзь, - падкрэсліў віцэ-прэм`ер. - Спадзяюся, з 3 па 5 чэрвеня Гродна сапраўды стане магутным складнікам нашага аб`яднання, пазітыўнага развіцця нашай краіны, і ў далейшым гэты фестываль будзе прырастаць новымі ідэямі, падыходамі і дасягненнямі".

18 мая 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-/1/65044
Текущая дата: 20.04.2024