Белорусский портал в Казахстане

Мінскі абласны фестываль нацыянальных культур пройдзе 30 лістапада 2013 года ў Маладзечне



Пра гэта паведамілі ў Мінскім аблвыканкаме.

На мерапрыемстве будуць прадстаўлены 10 нацыянальнасцей з дзевяці раёнаў Міншчыны. У тым ліку сярод удзельнікаў - беларускае грамадскае аб`яднанне грэкаў "Пелапанэс", маладзечанскае гарадское культурна-асветнае аб`яднанне ўкраінцаў "Краяны", культурна-асветнае грамадскае аб`яднанне "Саюз палякаў на Беларусі" (г.Маладзечна), народнае аматарскае аб`яднанне прадстаўнікоў нацыянальных культур "Шматгалоссе". Прыедуць на фестываль і армянскія сем`і з Нясвіжа і ўзбекскія са Старадарожскага раёна.

Прадстаўнікі розных нацыянальнасцей будуць дэманстраваць самабытную культуру сваіх народаў. Гледачы змогуць азнаёміцца з нацыянальным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам майстроў, казацкай атрыбутыкай, нацыянальнай літаратурай. Таксама будзе арганізавана выстаўка-дэгустацыя страў грэчаскай, рускай, украінскай, польскай, узбекскай, армянскай і іншых нацыянальных кухань. Выстаўка будзе суправаджацца выступленнем вакальнага казацкага ансамбля "Люба, братцы!" Касцюкоўскага цэнтра нацыянальных культур Барысаўскага раёна.

Абласны фестываль нацыянальных культур праводзіцца раз у два гады ў рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Асноўная мэта фестывалю - захаванне, развіццё і папулярызацыя нацыянальных культур, умацаванне гарманічных міжнацыянальных адносін і падтрымка творчасці прадстаўнікоў грамадскіх нацыянальных аб`яднанняў.

Па выніках абласнога фестывалю рэспубліканскае журы вызначае лаўрэатаў - удзельнікаў Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ў чэрвені 2014 года ў Гродне. Старшыня журы - народны артыст Беларусі мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча прафесар Міхаіл Дрынеўскі.

26 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-/14/24204
Текущая дата: 20.05.2024