Белорусский портал в Казахстане

Беларускія цыганы



8 красавіка — Міжнародны дзень цыганоў. Ён адзначаецца з 1971 году, калі ў Лёндане быў створаны Міжнародны саюз цыганоў. У Беларусі цыганы застаюцца найменш сацыялізаванай і найбольш дыскрымінаванай групай грамадзян.

Паводле неафіцыйных падлікаў, у Беларусі жывуць каля 40 тысяч цыганоў. Найбольш — у пасёлку Калодзішчы пад Менскам, прыгарадзе Віцебску і горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласьці. Юры Юзярчук — пастар пратэстанцкай царквы ў Калінкавічах, адказны за служэньне сярод цыганоў у Беларусі. Менавіта да яго людзі цыганскай нацыянальнасьці прыходзяць са сваімі клопатамі і праблемамі:

«Найпершае — нізкі ўзровень жыцьця, малаадукаванасьць і самая вялікая праблема — працаўладкаваньне цыганскага народу, які адмаўляецца ад былога грэшнага жыцьця. Бо цыганы займаюцца нелегальным гандлем, гаданьнем, бываюць выпадкі крадзяжу, гандлю наркотыкамі. І калі яны прыходзяць да Бога, то мяняюць узаемаадносіны ў сям’і, сваё стаўленьне да грамадзтва і да беларускага народу. Калі яны прызнаюць, што тое жыцьцё было няправільным, то вось тады і ўзьнікаюць праблемы, і перадусім — у працаўладкаваньні. Многія зь іх уладкоўваюцца на самыя нізкааплатныя спэцыяльнасьці — прыбіральшчыца, пасудамыйка, дворнік, грузчык у краме. Сутнасьць у тым, што калі прыходзіць працаўладкоўвацца беларус, рускі ці ўкраінец, то ён мае адукацыю, спэцыяльнасьць. А калі прыходзіць цыган, то адукацыі амаль ніякай — 3–4 клясы, спэцыяльнасьці ніякай — і яны сустракаюць недавер да сябе»...

Для інтэграцыі цыганоў у эўрапейскую супольнасьць Эўракамісія, Усясьветны банк і фонд Сораса абвясьцілі 2005–2015 гады дзесяцігодзьдзем цыганоў. Быў створаны Цыганскі адукацыйны фонд. У Беларусі некалькі год таму вяліся перамовы грамадзкіх аб’яднаньняў з удзелам уладаў і АБСЭ пра распрацоўку праграм падтрымкі беларускіх цыганоў. Аднак такая праграма так і не была створаная, кажа кіраўнік цыганскай дыяспары ў краінах СНД, Балтыі і Беларусі Алег Казлоўскі:

«Што тычыцца цыганоў у Рэспубліцы Беларусь, то ўсё стаіць на мёртвай кропцы, мы зьвярталіся па дапамогу — усё толькі на словах: так, дапаможам, але іншым народам таксама кепска, усім нам у Беларусі таксама кепска — вось такі адказ ... ніякай дапамогі ад дзяржавы няма.

Колькі разоў мы зьвярталіся — усё толькі на словах: так, дапаможам, але іншым народам таксама кепска, усім нам у Беларусі таксама кепска — вось такі адказ. Ніякіх дзяржаўных праграмаў для цыганоў няма. Я ў гэты момант знаходжуся ў Маскве па працоўных пытаньнях і дакладна ведаю, што расейскія ўлады выдзяляюць сродкі для падтрымкі грамадзкіх арганізацыяў нацыянальнага характару — тое, чаго ў нас няма і ў паміне. А праца гэтая патрэбная, вельмі шмат насьпела надзённых пытаньняў. Але і імі ніхто нават не цікавіцца, а тым больш не спрабуе іх вырашыць. Як быццам народу рома ў Беларусі няма — яны ўсе вымерлі».

Беларускія праваабаронцы заяўляюць, што адмоўнае стаўленьне да цыганоў у некаторых выпадках ствараюць самі дзяржаўныя структуры. Адзін з прыкладаў — фільм «Табар ідзе ў зону» пра крымінал сярод асобаў цыганскай нацыянальнасьці. Гэты фільм некаторы час таму трансьлявала Беларускае тэлебачаньне. Зусім сьвежы выпадак здарыўся ў Ваўкавыску, кажа кіраўнік праваабарончай арганізацыі БХК Алег Гулак:

​​«У Ваўкавыску міліцыя на сваім сайце зьмясьціла інфармацыю: „Асьцярожна, цыганы“, бо нейкая цыганка штосьці там скрала. Але ж мы не пабачым паведамленьня, што, да прыкладу, беларус скраў мільён даляраў. Гэта сьведчыць пра нэгатыўнае стаўленьне да прадстаўнікоў гэтага народу. Да цыганоў ставяцца як да людзей другога гатунку. Надзвычай вострых выпадкаў, каб зьбівалі ці яшчэ што — такіх няма, але сытуацыя стабільна дыскрымінацыйная».

Як паведамляюць прадстаўнікі цыганскіх грамадзкіх аб’яднаньняў, сярод грамадзян Беларусі цыганскай нацыянальнасьці вышэйшую адукацыю маюць ня больш за 10 чалавек. Агульную сярэднюю — каля 15%. Беспрацоўнымі застаюцца да 90% цыганоў.

Галіна Абакунчык
Радыё Свабода, 7 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-/18/13398
Текущая дата: 23.12.2024