Белорусский портал в Казахстане

У Мінску 27 студзеня пройдзе форум, прысвечаны Міжнароднаму Дню памяці ахвяраў Халакосту



Госці форуму абмяркуюць праблемы талерантнасці ў сучасным грамадстве і прымуць удзел у панэльных сесіях ў фармаце “Сусветнага кафэ”.

У Міжнародны Дзень памяці ахвяраў Халакосту ў IBB Minsk адбудзецца Форум “Праблемы талерантнасці ў сучасных грамадствах” з удзелам еўрапейскіх паслоў, дыпламатычных місій прадстаўнікоў розных канфесій, былых вязняў канцлагераў і дзяцей вайны. 

У рамках Форуму адбудуцца дыскусіі: “Шляхі прадухілення ксенафобіі ў культурнай прасторы”, “Роля адукацыі ў зніжэнні ўзроўню ксенафобіі ў грамадстве на прыкладзе антысемітызму”, “Як змагацца з ксенафобіяй ў медыя і сетках”, “Метады барацьбы са злачынствамі на глебе нянавісці”.

Таксама падчас Форуму адбудзецца адкрыццё гісторыка-дакументальнай выставы "Халакост: знішчэнне, вызваленне, выратаванне», якую прадставіць Ілья Альтман, сустаршыня Цэнтра “Халакост” (Расія).

Нагадаем, што Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН  27 студзеня: менавіта ў гэты дзень у 1945-м годзе быў вызвалены канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц у Асвенцыме. За час яго існавання там загінулі больш за 1 мільён яўрэяў. Па розных ацэнках, на беларускай тэрыторыі падчас акупацыі нацыянал-сацыялістамі загінула больш за 700 тысяч або каля 90 % яўрэйскага насельніцтва, якое пражывала тут да вайны.

Арганізатарамі Форуму “Праблемы талерантнасці ў сучасных грамадствах” выступаюць МГА “Узаемаразуменне”, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Рау (IBB Minsk), Іудзейскае Рэлігійнае Аб`яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, Рэлігійнае аб`яднанне абшчын прагрэсіўнага іудаізму, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб`яднанняў і абшчын, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі.

Надзея Никалаева
Звязда, 19 студзеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-/5/51368
Текущая дата: 23.12.2024