Белорусский портал в Казахстане

Тыдні Германіі з 24 верасня па 31 кастрычніка пройдуць у Беларусі



Пра гэта паведамілі ў пасольстве ФРГ у Мінску.

На працягу 16 гадоў кожную восень пад патранатам пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі праводзяцца Тыдні Германіі.

Германская дыпмісія запрашае ўсіх, хто хоча азнаёміцца з нямецкай культурай, мовай і грамадствам, наведаць шматлікія мерапрыемствы ў 12 беларускіх гарадах.

Праграма Тыдняў Германіі будзе разнастайнай. Так, у дзень адкрыцця ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт "...Бо моцнае, як смерць, каханне". На ім будуць гучаць музычныя творы эпохі барока на тэксты старазапаветнай кнігі "Песня Песням".

Запланаваны кінапаказы сучасных кароткаметражных стужак, мастацкіх фільмаў у арыгінале на нямецкай мове з субтытрамі на рускай. Будзе паказаны дакументальны фільм у Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. Гледачы ўбачаць таксама нямы фільм "Фауст" (1926) Фрыдрыха Вільгельма Мурнау, які будзе дэманстравацца ў чатырох гарадах з жывым музычным суправаджэннем у выкананні кампазітара Вольгі Падгайскай і ансамбля Five-storey-ensemble.

Для наведвальнікаў Тыдняў Германіі падрыхтаваны чытанні з вядомымі нямецкімі аўтарамі, выстаўкі, майстар-класы і лекцыі, творчыя мерапрыемствы.

Будзе магчымасць прыняць удзел у цікавых творчых акцыях у бібліятэках Баранавіч, Барысава і Маладзечна.

Тыдні Германіі праводзяцца пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, прадстаўнікамі нямецкіх культурных арганізацый у супрацоўніцтве з беларускімі ўстановамі і партнёрамі.

20 верасня 2019, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-0/5/49893
Текущая дата: 28.12.2024