Белорусский портал в Казахстане

Пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў (СБП) створана Таварыства ўкраінскай літаратуры



Адпаведнае рашэнне было прынятае падчас арганізацыйнага паседжання таварыства 14 красавіка ў Мінску, паведамляе прэс-служба СБП.

На паседжанні прынялі таксама палажэнне аб дзейнасці таварыства, абмеркавалі план працы, абралі каардынацыйную раду таварыства і старшыню — ім стала член СБП пісьменніца Наталка Бабіна. На дадзены момант у таварыстве больш за 20 членаў.

Мэтамі таварыства названыя: спрыянне ўкраінска-беларускім літаратурным сувязям і актывізацыя ўзаемных мастацкіх перакладаў, падтрымка беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі і пішуць па-ўкраінску (ці на ўкраінскіх гаворках), а таксама беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць ва Украіне і пішуць па-беларуску (ці на беларускіх гаворках), развіццё ўкраінскамоўнага прыгожага пісьменства ў Беларусі і беларускамоўнага прыгожага пісьменства ва Украіне, а таксама захаванне і папулярызацыю нацыянальнай літаратурнай спадчыны Беларусі і Украіны.

У бліжэйшых планах таварыства — выданне альманаха твораў беларускіх аўтараў, якія пішуць па-ўкраінску і на ўкраінскіх гаворках (галоўным рэдактарам альманаха абраны Алесь Наварыч) у электронным і папяровым выглядзе, стварэнне старонак таварыства ў сацыяльных сетках з мэтай папулярызацыі ўкраінскай літаратуры ў Беларусі і беларускай літаратуры ва Украіне, арганізацыя трэнінгаў для маладых перакладчыкаў украінскай літаратуры, пераклады лепшых твораў сучаснай украінскай літаратуры на беларускую мову, спрыянне пашырэнню сувязяў паміж СБП і літаратурнымі арганізацыямі Украіны.

"Стварэнне таварыства — гэта і жэст салідарнасці з Украінай, якая перажывае складаныя часы, і спроба ўзаемнай культурнай дапамогі", — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы згуртавання.

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 15 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-3/13/25794
Текущая дата: 23.12.2024