Белорусский портал в Казахстане

Рудакоў разгарнуў у Іркуцку новы беларускі праект — танцавальны



Адзін з самых вядомых прапагандыстаў беларускіх традыцыяў за межамі Беларусі Алег Рудакоў пасьля разьвітаньня з Іркуцкім таварыствам беларускай гісторыі і культуры ў новым годзе мае акцэнтавацца на дзейнасьці моладзевага клюбу «Крывічы».

Як расказаў спадар Рудакоў, сёлета «Крывічы» сумесна з гісторыка-мэмарыяльным аддзелам Іркуцкага абласнога мастацкага музэю «Сядзіба Сукачова» ладзяць маштабны сумесны праект пад назвай «Студыя навучаньня бытавым і сярэднявечным народным танцам». Заняткі будуць праходзіць кожную апошнюю нядзелю месяца ў сярэдзіне дня. Мадэратары імпрэзы — сам Алег Рудакоў і салістка аднайменнага з клюбам гурту «Крывічы» Воля Галанава.

Як кажа спадар Рудакоў, на занятках можна будзе навучыцца танцаваць нескладаныя, але надзвычай дынамічныя і прыгожыя беларускія народныя танцы, якія былі папулярныя ў ХІІІ—ХХ стагодзьдзях. Сярод іх і такія агульнавядомыя, як лявоніха, полька, кракавяк, падэспань, і менш знаныя, як «Матлёт», «Лысы» ды іншыя.

Некаторыя танцы будуць выкладацца ў варыянтах, запісаных у этнаграфічных экспэдыцыях па сыбірскіх вёсках, некалі закладзеных беларусамі. У якасьці прыкладу Алег Рудакоў падае самабытны танец «Марынінскі кракавяк», запісаны ў сяле Марынінск Заларынскага раёну Іркуцкай вобласьці.

«На нашых сустрэчах вы ня толькі весела і інтэрактыўна пабавіце час, але і навучыцеся „чуць“ музыку, „вырабляць па“, рухаючыся ў сумесным рытме, а таксама засвоіце цікавыя рухі, натрэніруеце сваё дыханьне і мышцы, атрымаеце велізарны станоўчы зарад энэргіі», — кажа Алег Рудакоў.

Актывісты «Крывічоў» запрашаюць на заняткі ня толькі актыўных маладых людзей, але і дзяцей, а таксама «забіяцкіх бабуляў і дзядуляў». Заняткі платныя, але кошт сымбалічны — 50 расейскіх рублёў з чалавека. Пасьля імклівага абвалу расейскай валюты гэта ў эквіваленце меней за даляр.

Ігар Карней, Менск
Радыё Свабода, 30 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-3/13/29332
Текущая дата: 27.11.2024