Белорусский портал в Казахстане

Фуру цёплых рэчаў даставілі бежанцам у ТЛЦ ад езідскіх абшчын



Чарговая партыя гуманітарнай дапамогі паступіла бежанцам у ТЛЦ. Ад абшчын курдаў-язідаў дастаўлена фура цёплага адзення і іншых неабходных рэчаў.

Фармаваўся груз у Расіі на прыватныя сродкі. Агульная вага — каля 5 т, кошт — 18 млн расійскіх рублёў. У фуры даставілі адзенне для дарослых і дзяцей, абутак, коўдры, матрацы і іншыя неабходныя бежанцам рэчы.

«Гэта самая буйная партыя, што мы дастаўлялі. Да гэтага тройчы прывозілі прадукты харчавання, сродкі гігіены. Беларускі бок таксама ўсебакова падтрымлівае бежанцаў. Ім выдавалі коўдры, адзенне, абутак. Грузы паступалі і ад арганізацый, і органаў улады, і простых жыхароў. Ва ўмовах, калі памыць рэчы няма магчымасці, новыя рэчы будуць не лішнімі», — распавёў прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі курдскіх абшчын Фаград Амаран.

Ён адзначыў, што ў пункце размяшчэння бежанцаў у ГЛЦ каля 200 езідаў. Але груз прывезлі для ўсіх бежанцаў без выключэння. Рэчаў дастаўлена нават з запасам.

«Людзі не страчваюць надзеі. Большасць з тых, хто застаўся тут, назад на радзіму не хочуць. Езідская абшчына асабліва ўразлівая. Яны і ў Іраку апынуліся ў цяжкім становішчы, жылі ў палатках», — сказаў Фаград Амаран.

Звязда, 3 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-3/2/62006
Текущая дата: 23.12.2024