Белорусский портал в Казахстане

Качанава: Важна, каб прадстаўнікі нацыянальных аб’яднанняў даносілі свету праўдзівую інфармацыю



У рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур адбыўся круглы стол «Беларусь — наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў». У яго рабоце прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава.

Арганізатары мерапрыемства, а гэта Пастаянная камісія па адукацыі, навуцы і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Гродзенскі аблвыканкам сабралі на адной дыялогавай пляцоўцы лідараў грамадскай думкі — прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў упраўлення, мясцовага самакіравання, прадстаўнікоў нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў і беларусаў замежжа. Удзельнікі засяродзілі ўвагу на тых намаганнях, якія прыкладае дзяржава для захавання міру, згоды, этнічнай разнастайнасці і шматвяковай традыцыі пражывання прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Круглы стол можна лічыць лейтматывам пачатку Фестывалю нацыянальных культур. 

У прыватнасці, старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Аляксандр Сангін адзначыў, што арганізацыя цесна супрацоўнічае з усімі галінамі ўлады і атрымлівае значную арганізацыйна-метадычную і фінансавую падтрымку, што дазваляе арганізаваць рознабаковыя мерапрыемствы. На яго думку, эфектыўны, міжкультурны дыялог этнічных груп магчымы толькі пры мэтанакіраванай, сумеснай дзейнасці дзяржаўных органаў і нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Гэта спрыяе фармаванню і ўмацаванню талерантных адносін, павагі і ўзаемаразумення, што з’яўляецца неабходнай умовай мірнага суіснавання у шматнацыянальным беларускім грамадстве. 

На больш цесны дыялог з прадстаўнікамі нацыянальна-культурных аб’яднанняў звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна адзначыла важнасць такога форуму, як Фестываль нацыянальных культур. 

— Гэта цудоўнае свята, якое па аб’ектыўным прычынам некаторы час не праводзілася, і за гэты час у свеце адбылося шмат зменаў. І сёння роля тых, хто жыве ў Беларусі, для каго гэта зямля стала роднай, менавіта яны павінны даносіць праўду аб нашай краіне. Бо фэйкі запоўнілі свет, і сёння ў гэтай страшнай інфармацыйнай прасторы ідзе вельмі вострая барацьба за розумы, што чалавеку часам цяжка ў гэтым разабрацца. Але калі гэта гаворыць паляк, які жыве ў Беларусі, якая гэта краіна, яго пачуюць у той краіне, нацыянальнасць якую ён прадстаўляе. 

Наталля Качанава запэўніла, што такія сустрэчы будуць абавязкова праводзіцца ў Савеце Рэспублікі пры працы над законапраектамі.

Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 3 чэрвеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-3/2/65275
Текущая дата: 23.12.2024