Белорусский портал в Казахстане

У Доме Дружбы прайшла канферэнцыя да стагоддзя Камуністычнай партыі Кітая



У гэтым годзе Камуністычная партыя Кітая адзначае стагадовы юбілей. З гэтай нагоды ў сталіцы, у Доме Дружбы, прайшла навукова-практычная канферэнцыя.

На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяаюна, менавіта кампартыі ўдалося згуртаваць народ і правесці яго па шляху адраджэння нацыі. Ва ўсім свеце вядомы феномен кітайскага эканамічнага цуду. Кітайцы дамагліся нацыянальнай незалежнасці, хуткага эканамічнага росту, доўгатэрміновай эканамічнай стабільнасці і працвітання, у чым вялікая заслуга ў тым ліку КПК.

— Беларуска-кітайскія адносіны ў апошнія гады атрымалі здаровае і стабільнае развіццё. Супрацоўніцтва развіваецца па розных напрамках. У палітычнай сферы мы заўсёды падтрымліваем адно аднаго, абараняем пазіцыі па пытаннях, што датычацца ключавых інтарэсаў нашых краін, — адзначыў Се Сяаюн. — Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва мае выдатныя вынікі. У мінулым годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі, нягледзячы на негатыўную эпідэміялагічную сітуацыю, павялічыўся больш чым на 10 працэнтаў. Індустрыяльны парк «Вялікі камень» стаў яркім дасягненнем ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». А агульная сума абвешчаных інвестыцый ужо склала больш за 1,2 мільярда долараў.

Як заўважыў намеснік міністра замежных спраў Мікалай Барысевіч, Кітай упэўнена праводзіць самастойную знешнюю палітыку, прытрымліваючыся шляхоў мірнага развіцця.

— Адносіны паміж Беларуссю і Кітаем можна смела назваць узорнымі. У верасні 2016 года лідары краін устанавілі найвышэйшы ў гісторыі ўзровень адносін — давернае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, — падкрэсліў Мікалай Барысевіч.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб`яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька адзначыў, што сучасная гісторыя паказвае, што дружба паміж лідарамі краін мае вялікае значэнне ў палітыцы.

— Беларусь ганарыцца, што ў нас ёсць такі сябар. У аснове ўсіх важных пачынанняў і ініцыятыў Кітая ляжаць прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, права народаў на выбар свайго шляху развіцця, адказныя адносіны да стану свету і глабальнай бяспекі, — падкрэсліў Генадзь Давыдзька. — У гэтым плане погляды Беларусі і Кітая шмат у чым супадаюць. Нягледзячы на складанасці міжпарламенцкіх зносін, звязаных з пандэміяй, беларуска-кітайскі дыялог працягвае сваё паслядоўнае развіццё. Упэўнены, што нашы краіны максімальна кансалідуюць свае намаганні і праз рэалізацыю маштабных праектаў, супрацоўніцтва пацвердзяць значнасць узаемадзеяння ў вырашэнні пытанняў сусветнага парадку дня.

Аўтар: Дар`я Шлапакова
Звязда, 1 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-3/3/59568
Текущая дата: 23.12.2024