Вечарына, прысвечаная 1080-годдзю з дня смерці вялікага таджыкскага паэта Абу Абдалаха Рудакі, адбылася 17-га лістапада ў Доме дружбы.
Як адзначыў на мерапрыемстве пасол Таджыкістана ў Беларусі Махмадшарыф Хакдод, гэты паэт лічыцца адным з заснавальнікаў таджыкска-персідскай літаратуры. Яго творчасць пакінула вялікі след у сусветнай літаратуры, яна актуальная і зараз. «Творы Рудакі ўвабралі народную мудрасць і глыбокую філасофію жыцця. Гэты паэт — гонар таджыкскай нацыі», — сказаў дыпламат.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што не так даўно ў Беларусі паспяхова прайшлі Дні культуры і кіно Таджыкістана, якія сталі пацвярджэннем нязменнага сяброўства дзвюх краін.
У сваю чаргу пасол Ірана Саід Яры расказаў: творы Рудакі добра вядомыя ў Іране і многія любяць яго вершы. На думку іранскага дыпламата, творчасць паэта звязвае людзей, якія ведаюць персідскую мову і літаратуру.
На творчай сустрэчы прагучалі многія творы Рудакі на персідскай, а таксама ў перакладзе на беларускую мову, у тым ліку ў выкананні студэнтаў сталічных ВНУ, членаў Цэнтра адукацыі, навукі і культуры Таджыкістана пры БНТУ.
Абу Абдалах Рудакі нарадзіўся ў 858 годзе ў паселішчы Панджруд (Таджыкістан). Памёр у 941 годзе. У паселішчы Панджруд у цяперашні час знаходзіцца маўзалей Рудакі. Будынак уяўляе сабой шматграннік, увянчаны паўсферычным купалам, які абапіраецца на барабан. Маўзалей пабудаваны з чырвонай цэглы, а купал абліцаваны блакітнай пліткай на манер старажытных сярэднеазіяцкіх і персідскіх мячэцяў. У цэнтры будынка ўсталяваны мармуровы саркафаг над магілай паэта.
Звязда, 17 лістапада 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/5-3/3/61569
Текущая дата: 26.11.2024