Белорусский портал в Казахстане

Кітай зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферы медыцынскага турызму



Аб гэтым паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага камітэта па справах аховы здароўя КНР Чжан Мэн на сустрэчы з міністрам аховы здароўя Беларусі Валерыем Малашкам у Мінску.

Бакі абмеркавалі перспектывы, якія адкрываюцца з пачаткам праграмы па лячэнні кітайскіх дзяцей у Беларусі.

Для праходжання медрэабілітацыі 9 верасня ў рэспубліку прыбыла першая група. Курс у Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі прадоўжыцца 20 дзён.

Спецыялісты распрацуюць кожнаму дзіцяці індывідуальную праграму ў залежнасці ад стану здароўя.

"Перад паездкай мы цікавіліся ў беларускім пасольстве ў Кітаі ў цэлым аб ахове здароўя Беларусі. Яна знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. У час візіту мы хацелі б падрабязней даведацца пра вашы магчымасці, - сказаў Чжан Мэн. - Наша мэта на гэты раз - азнаёміцца з дзейнасцю вядучых дзіцячых цэнтраў па лячэнні і рэабілітацыі, а таксама ўмацаваць узаемаадносіны паміж арганізацыямі аховы здароўя і намеціць шляхі супрацоўніцтва".

Міністэрства аховы здароўя адказна падышло да арганізацыі візіту дзяцей з Кітая. Паводле слоў Валерыя Малашкі, беларускі бок зробіць усё магчымае, каб лячэнне пацыентаў з даволі сур`ёзнымі паталогіямі было паспяховым. Акрамя таго, Міністэрства прымае дэлегацыю калег са сферы аховы здароўя. Кітайскія спецыялісты наведаюць некалькі рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, каб вызначыць, дзяцей з якімі паталогіямі мэтазгодна накіроўваць на лячэнне ў Беларусь.

"Нашы ўстановы адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. Не сумняваюся, што інспекцыя завершыцца паспяхова і мы зможам прадастаўляць медыцынскія паслугі дзецям і з анкалагічнымі захворваннямі, і з захворваннямі апорна-рухальнага апарату", - сказаў міністр.

Валерый Малашка выказаў упэўненасць, што выпрацаваная стратэгія ўзаемадзеяння ў галіне аказання меддапамогі кітайскім дзецям будзе пакладзена ў аснову работы з дарослымі пацыентамі.

Беларусь гатова прадастаўляць медыцынскія паслугі кітайскім грамадзянам.

10 верасня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/1/44877
Текущая дата: 24.04.2024