Большасць буслоў ужо пакінулі Беларусь, паведаміў у пятніцу спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Сямён Левы.
Буслы традыцыйна пакідаюць рэспубліку ў канцы жніўня, аднак некаторыя асобіны вырашаюць заставацца тут на зіму.
У канцы жніўня карыстальнікі сацыяльных сетак сталі паведамляць пра масавы адлёт буслоў з рэспублікі — многія звязвалі гэта з няўстойлівым надвор`ем, якое ўстанавілася ў Беларусі ў канцы лета. Зрэшты, арнітолагі запэўніваюць: гэта нармальная з`ява.
"Белыя буслы традыцыйна пакідаюць Беларусь да трэцяй дэкады жніўня. Большасць птушак ужо пакінулі нашу краіну", — распавёў Sputnik спецыяліст.
Зімаваць белыя буслы будуць у Афрыцы. "Тэрміны міграцыі могуць быць расцягнуты на некалькі тыдняў", — удакладніў Левы.
"Некаторых буслоў можна будзе сустрэць у Беларусі і ўвосень, і нават узімку — бывае так, што асобіны вырашаюць застацца тут на зімоўку, прычым не толькі аслабленыя, але і здаровыя. Напрыклад, ужо пяць гадоў у мінскіх Шабанах зімуе бусел. Першыя гады мясцовыя жыхары тэлефанавалі нам і прасілі дапамагчы яму, але потым прывыклі — ён сам вырашае там зімаваць, чаму — невядома", — дадаў арнітолаг.
Беларусь ужо масава пакідаюць многія пералётныя віды, у тым ліку чорныя стрыжы, залацістыя шчуркі і івалгі. "Зязюлі ў большасці сваёй ляцець пачалі яшчэ ў ліпені", — дадаў суразмоўца агенцтва.
А вось гракі — знакамітыя персанажы карціны Аляксея Саўрасава "Гракі прыляцелі" — у большасці сваёй Беларусь не пакідаюць, сустрэць іх тут можна і зімой. Як адзначыў арнітолаг, пісаў сваю працу мастак у больш паўночных рэгіёнах, з якіх гэтыя птушкі сапраўды мігруюць. Аднак для Беларусі ў прысутнасці зімой гракоў няма нічога дзіўнага.
Мінск, 31 жніўня 2018
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/104/44750
Текущая дата: 18.11.2024