Белорусский портал в Казахстане

Як ставіцца да «гей-парадаў»? Меркаванне каталіцкага біскупа



Дапаможны біскуп Астаны (Казахстан) Атаназіюс Шнайдэр, які, як і беларускія католікі, адчуў прыгнёт ідэалогіі агрэсіўнага атэізму ў часы СССР, распавёў пра належнае стаўленне да гэтых з’яваў.

У часы паганскага Рыма хрысціянаў пераследвалі за тое, што яны не пакланяліся паганскім багам. Сёння ў сацыяльных сетках іх часта цкуюць за крытычнае стаўленне да так званых «гей-прайдаў» і ўвогуле да гомасексуальных паводзінаў.

«У апошнія дзесяцігоддзі парады „гей-гонару“ пачалі пашырацца ў гарадах Заходняга свету. Відавочная мэта гэтага феномену, які пастаянна пашыраецца — захапіць публічныя прасторы гарадоў усяго свету, хіба што за выключэннем ісламскіх краін, дзе ім пагражае гвалт у адказ.

Гэтыя дэманстрацыі праводзяцца з вялізнай фінансавай і лагістычнай падтрымкай і суправаджаюцца прапагандай, якую праводзяць найбольш уплывовыя публічныя асобы і інстытуты — палітычныя эліты, сацыяльныя сеткі, магутныя эканамічныя і фінансавыя арганізацыі. Такая адзінагалосная падтрымка з боку гэтых сілаў тыповая для таталітарных сістэм, якія ў гісторыі не раз імкнуліся накінуць на грамадства пэўную ідэалогію. Так званыя дэманстрацыі „гей-гонару“ адназначна нагадваюць прапагандысцкія маршы разнастайных таталітарных палітычных рэжымаў мінулага.

Аднак застаўся адзін заўважны і магутны голас, які не далучыўся да падтрымкі гэтых дэманстрацый — Каталіцкі Касцёл», — кажа біскуп. Таму таталітарная прырода гомасексуальнай гендарнай ідэалогіі патрабуе знішчыць гэты апошні бастыён супраціву.

«Гендарная ідэалогія, ці ідэалогія гомасексуальнасці з’яўляецца бунтам супраць творчай працы Бога, такога цудоўна мудрага і любячага.

Гэта — бунт супраць стварэння чалавека ў двух палах — мужчынскім і жаночым — якія цудоўна дапаўняюць адзін аднаго. Гомасексуальныя акты ганьбяць целы мужчын і жанчын, якія з’яўляюцца Божай святыняй: «Калі хто знішчыць святыню Божую, таго знішчыць Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй вы з’яўляецеся» (пар. 1 Кар 3, 17).

Святы Дух абвяшчае ў Святым Пісанні, што гомасексуальныя акты — ганебныя, бо супярэчаць створанай Богам прыродзе: «Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры. Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі [пажадлівасцю] адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне. А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае» (пар. Рым 1, 26–28)

Святы Дух потым абвяшчае, што асобы, якія здзяйсняюць цяжкія грахі, у тым ліку гомасексуальныя акты, не стануць спадкаемцамі вечнага жыцця: «Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае» (пар. 1 Кар 6, 9–10).

Аднак ласка Хрыста настолькі магутная, што яна пераўтварае ідалапаклонніка, чужаложніка ці практыкуючага гомасексуала ў новага чалавека.

Слова Божае далей кажа: «І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!» (пар. 1 Кар 6, 11). Праз гэтую праўду і рэчаіснасць ззяе яркае святло надзеі і сапраўднага развіцця чалавека на фоне антыбоскай і антычалавечай ідэалогіі і практыкі гомасексуалізму.

Гэта — надзея і сапраўдная магчымасць таго, што чалавек, які здзяйсняе гомасексуальныя акты, можа быць ператвораны ў новага чалавека, створанага ў праўдзе святасці: «Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста, калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе, але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды» (пар. Эф 4, 20–24).

Гэтыя Божыя словы — адзінае пасланне надзеі і вызвалення, якое хрысціянін, а тым больш святар ці біскуп, павінны прапанаваць людзям, якія здзяйсняюць гомасексуальныя акты ці пашыраюць гендарную ідэалогію», — кажа біскуп.

Таталітарнасць і нецярпімасць гендарнай ідэалогіі патрабуюць ад усіх такога ж аднолькавага падпарадкавання, адзначае іерарх.

«Не выключана, што Каталіцкі Касцёл не ў такой ужо далёкай будучыні сутыкнецца з пераследам, аналагічным часам Рымскай імперыі ў першыя тры стагоддзі існавання хрысціянства, калі падпарадкаванне таталітарнай ідэалогіі ідалапаклонства было таксама абавязковым для хрысціянаў. У той час тэстам на праверку такога падпарадкавання быў палітычна карэктны акт спалення некалькіх зерняў ладану перад ідалам ці статуяй імператара», — нагадвае пастыр.

Сёння такіх жа актаў паліткарэктнасці патрабуюць ад любой публічнай асобы ў Заходнім свеце.

«Якім жа павінен быць правільны адказ хрысціяніна, католіка, святара і біскупа на феномен так званых „гей-парадаў“?

Перш за усё, трэба з любоўю абвясціць Боскую праўду пра стварэнне чалавечай асобы, праўду пра аб’ектыўную псіхалагічна і сексуальна хваравітую прыроду гомасексуальных схільнасцяў, а потым распавесці праўду адносна патрэбаў людзей з такімі тэндэнцыямі ў дапамозе ў вызваленні ад іх псіхалагічнай хваробы.

Таксама трэба абвясціць Божую праўду адносна таго, што гомасексуальны акт і лад жыцця з’яўляюцца цяжкім грахом, таму што супярэчаць Божай волі. Трэба са шчырай братняй занепакоенасцю абвясціць Божую праўду адносна небяспекі вечнай гібелі душы практыкуючымі і нераскаянымі гомасексуаламі.

Акрамя таго, трэба праявіць грамадскую мужнасць і выкарыстаць усе магчымыя мірныя і дэмакратычныя спосабы, каб пратэставаць супраць непавагі да хрысціянскіх перакананняў і супраць публічнай дэманстрацыі прыніжаючых [годнасць чалавека] непрыстойнасцяў. Варта пратэставаць супраць таго, што насельніцтва цэлых гарадоў прымушаюць бачыць маршы палітычна-ідэалагічных радыкалаў.

Самае важнае пры гэтым — духоўныя сродкі. Найбольш магутны і каштоўны адказ — публічныя і прыватныя акты перапрашэння Божай святасці і велічы, якія так цяжка і публічна ганьбяцца так званымі парадамі „гей-гонару“.

Немагчыма аддзяліць ад гэтых актаў перапрашэння адданую малітву за навяртанне і вечнае ўратаванне душаў прапагандыстаў і актывістаў гомасексуальнай ідэалогіі, асабліва душаў вартых жалю людзей, якія практыкуюць гомасексуалізм».

Біскуп Шнайдэр нагадвае, што папа Ян Павел ІІ пратэставаў супраць «гей-параду» ў Рыме ў 2000 годзе, кажучы наступнае:

«Я адчуваю абавязак згадаць цяпер вядомыя дэманстрацыі, якія адбыліся ў Рыме за апошнія некалькі дзён. У імя Рымскага Касцёла я магу толькі выказаць глыбокі смутак з прычыны <…> пагарды да хрысціянскіх каштоўнасцяў горада, такога дарагога сэрцам католікаў усяго свету. Касцёл не можа не казаць праўду, таму што ён тады здрадзіць Богу Стварыцелю і не будзе дапамагаць аддзяляць дабро ад зла» (З прамова 9 ліпеня 2000 г.).

Сённяшні Пантыфік папа Францішак таксама неаднаразова згадваў пра небяспеку гендарнай ідэалогіі:

«Мы перажываем час знішчэння чалавека як вобразу Божага <…> У Еўропе, Амерыцы, Лацінскай Амерыцы, Афрыцы і некаторых краінах Азіі адбываецца сапраўдная ідэалагічная каланізацыя. Адна з гэтых ідэалогій — гендарная. Сёння дзяцей — дзяцей! — вучаць у школе, што кожны можа выбраць уласны пол. Чаму яны вучаць гэтаму? Таму што падручнікі купляюцца асобамі і арганізацыямі, якія даюць вам грошы. Гэтыя формы ідэалагічнай каланізацыі падтрымліваюцца таксама ўплывовымі краінамі. І гэта жахліва! Падчас размовы з папам Бэнэдыктам, які цяпер у добрым здароўі і добра ўсё заўважае, ён сказаў мне: „Гэта стагоддзе граху супраць Бога Стварыцеля». Ён вельмі ўважлівы. Бог стварыў мужчыну і жанчыну, Бог стварыў свет пэўным спосабам <…> А мы робім наўпрост супрацьлеглае». (Сустрэча з польскімі біскупамі з нагоды 31-га дня моладзі ў Кракаве 27 ліпеня 2016 г.)

На думку біскупа Шнайдэра, сапраўднымі сябрамі людзей, якія прапагандуюць і робяць прыніжаючыя дзеянні падчас так званых «гей-прайдаў», з’яўляюцца хрысціяне, якія кажуць: «Я не спалю ані зярнятка ладану перад ідалам гомасексуальнасці і гендарнай ідэалогіі, нават калі — барані Божа! — гэта зробіць пробашч маёй парафіі ці мой біскуп. Я буду здзяйсняць прыватныя і публічныя акты перапрашэння і няспынна маліцца за душы тых, хто прапагандуе і практыкуе гомасексуалізм.

Я не буду баяцца новага ідэалагічна-палітычнага таталітарызму гендарнай канцэпцыі, бо са мною Хрыстус. Ён перамог усе таталітарныя сістэмы мінулага, і Ён таксама пераможа таталітарызм гендарнай ідэалогіі.

Christus vincit, Christus regnat, Christus imperat! — Езус Хрыстус — Пераможца, Пан сусвету і Валадар!»

Catholic.by, 12 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/105/44787
Текущая дата: 18.11.2024