Белорусский портал в Казахстане

Грамадзянін Расіі прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі за кантрабанду наркотыкаў



Суд Гродзенскага раёна 4 чэрвеня вынес прысуд па справе аб перавозцы цераз мяжу буйной партыі наркотыкаў.

Як паведамілі ў Гродзенскім абласным судзе, грамадзянін Расіі прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 328 і ч. 3 арт. 328-1 КК. Ён абвінавачаны ў незаконных з мэтай збыту набыцці, захоўванні, перавозцы наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненых арганізаванай групай, у незаконным перамяшчэнні цераз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненым арганізаванай групай.

Згодна з ч. 4 арт. 328 КК абвінавачанаму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, з ч. 3 арт. 328-1 КК — у выглядзе пазбаўлення волі на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў абвінавачанаму канчаткова прызначанае пазбаўленне волі на 18 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці. Судом прымененая спецыяльная канфіскацыя ў даход дзяржавы аўтамабіля абвінавачанага "Лексус RX270". Прысуд у законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым парадку.

Нагадаем, як раней паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі, абвінавачаны, выконваючы ролю кур`ера і дзейнічаючы ў складзе міжнароднай арганізаванай злачыннай групы, з восені 2014 года здзейсніў не менш за 15 паездак у краіны Еўрапейскага саюза для дастаўкі адтуль псіхаактыўных рэчываў. Падчас надгляду яго "Лексуса" супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні 1 кастрычніка 2017 года знайшлі і канфіскавалі са схованак больш за 285 кг гашышу — небяспечнага наркатычнага сродку, які не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 4 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/108/43688
Текущая дата: 18.11.2024