Белорусский портал в Казахстане

У Маскве гарэў дзіцячы гандлёвы цэнтар, прынамсі адзін чалавек загінуў



Днём 4 красавіка пачаўся пажар у гандлёвым цэнтры «Персей для детей» на ўсходзе Масквы.

Паводле РИА Новости, супрацоўнік гандлёвага цэнтру загінуў у машыне хуткай дапамогі. Супрацоўнік МНС заявіў «Коммерсанту», што загінулы «пераблытаў шляхі да выхаду», пабег у бок агню, надыхаўся дыму і ня змог выбрацца. Таксама пацярпелі тры пажарныя. З гандлёвага цэнтру ўратавалі 20 чалавек, эвакуяваліся яшчэ некалькі соцень.



Сьледчыя распачалі крымінальную справу аб прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці, вінаватым можа пагражаць да трох год турмы.

Пажар згасілі прыблізна праз паўтары гадзіны пасьля пачатку. Здарэньню надалі «падвышаны» ранг складанасьці, ратаўнікі трымалі гатовымі два вэрталёты для тушэньня. Як піша ТАСС, пажар адбываўся толькі на апошнім паверсе, дзе быў склад цацак (паводле тэлеканалу «Масква-24», таксама там быў дзіцячы клюб).

Як сьцьвярджае МНС, пажарная праверка праводзілася ў цэнтры «Персей для детей» год таму ў сакавіку, тады парушэньняў, што маглі адбіцца на цяперашнім пажары, ня выявілі. Пажарныя сыстэмы спрацавалі «ў штатным рэжыме».

Таксама 4 красавіка людзей эвакуявалі праз задымленьне ў гандлёвым цэнтры ў расейскім Саратаве, днём раней — у гандлёвым цэнтры ў Разані. У абодвух здарэньнях пра пацярпелых не паведамлялася.

​У Расеі ішлі масавыя праверкі пажарнай бясьпекі ў месцах масавага знаходжаньня людзей пасьля пажару ў Кемераве, дзе загінулі ня менш за 64 чалавекі, сярод якіх было шмат дзяцей. Уладзімір Пуцін назваў прычынай пажару «злачынную нядбайнасьць і разгільдзяйства».

Масавыя праверкі таксама праходзілі ў Беларусі (больш як на 75% правераных абʼектаў выявілі парушэньні), дзе быў абвешчаны фактычны дзень нацыянальнай жалобы з нагоды расейскай трагедыі.

Радыё Свабода
4 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/110/43051
Текущая дата: 18.11.2024