Белорусский портал в Казахстане

Кашэрны зефір для яўрэяў з ЗША выпусцяць у Бабруйску



Увесь тэхналагічны працэс вырабу прысмакаў асабіста пракантралюе равін.

Кашэрны зефір і халву пачнуць выпускаць на бабруйскім прадпрыемстве "Чырвоны харчавік", паведаміў "Вечернему Бобруйску" намеснік дырэктара па вытворчасці Валерый Пташыц.

Прадпрыемства ўжо атрымала сертыфікат ад дэпартамента кашруту пры галоўным равінаце Расіі.

Паведамляецца, што зефір выпусцяць пробнай адзінай партыяй. Яна адправіцца ў ЗША. Увесь тэхналагічны працэс вырабу зефіру, уключаючы загрузку сыравіны і падачу інгрэдыентаў, асабіста кантралюе равін.

Разам з тым халву можна будзе купіць у крамах Беларусі. Салодкую прадукцыю таксама збіраюцца пастаўляць у ЗША і Ізраіль.

"Кашэрнасць прадукту, вядома, адаб`ецца на яго кошце. Рэцэпт не мяняецца, але трэба выкарыстоўваць строга вызначаныя спецыі і фарбавальнікі, менавіта за кошт іх халва і падаражэе", — сказаў Валерый Пташыц.

Выданне адзначае, што пры вырабе халвы равін прысутнічаць не будзе. Знайсці кашэрны прадукт на прылаўку крамы можна будзе па апазнавальных знаках на ўпакоўцы — літарах "КР" у крузе.

Мінск, 20 снежня 2017
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/115/41702
Текущая дата: 19.11.2024