Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі навучылі штучны інтэлект дыягнаставаць некаторыя захворванні



Пра гэта паведаміў аўтар ідэі, адзін з распрацоўшчыкаў Яраслаў Ліхачэўскі.

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне апрацоўвае фатаграфіі вочнага дна пацыентаў, атрыманыя з дапамогай прафесійнага абсталявання - фундус-камеры.

У выніку сістэма вызначае, здаровыя ў пацыента вочы або ёсць паталогія. Больш таго, у выпадку захворвання яна дыягнастуе змяненні на вочным дне пры цукровым дыябеце і міяпіі.

У перспектыве магчымасці сістэмы пашырацца. Плануецца, што яна зможа выяўляць большасць вядомых сёння захворванняў. З камандай распрацоўшчыкаў супрацоўнічаюць вопытныя кансультанты-афтальмолагі, якія правяраюць правільнасць пастаноўкі дыягназаў.

На думку спецыялістаў, сістэма можа стаць добрым памочнікам у рабоце ўрача. Напрыклад, будзе праводзіць дыягностыку большасці захворванняў вачэй, у той час як афтальмолаг - удзяляць час складаным сітуацыям, а таксама хірургічным умяшанням.

Сістэма стане добрай падмогай і ў рабоце тэрапеўтаў і ўрачоў агульнай практыкі, якія праводзяць першасны агляд пацыентаў.

Медыкі змогуць больш паспяхова дыягнаставаць простыя выпадкі захворванняў вачэй, а пры неабходнасці накіроўваць да вузкага спецыяліста.

Распрацоўшчыкі разлічваюць, што ў будучым за станам здароўя вачэй чалавек зможа сачыць самастойна. Для гэтага спатрэбіцца ўстанавіць на смартфон мабільны дадатак і набыць спецыяльную лінзу-насадку на аб`ектыў камеры тэлефона. Такія насадкі ў апошнія месяцы атрымалі шырокае распаўсюджванне, яны дазваляюць пашырыць магчымасці ўбудаванай фотакамеры. У гэтым выпадку з дапамогай лінзы можна атрымаць фатаграфіі вочнага дна, аналагічныя тым, што атрымліваюць з выкарыстаннем фундус-камеры.

Калі праграма, прасканіраваўшы фота, выявіць адхіленні ў здароўі пацыента, яна прасігналізуе аб неабходнасці запісацца на прыём да спецыяліста.

"На жаль, яшчэ застаюцца рэгіёны, у якіх ёсць цяжкасці з доступам да кваліфікаванай афтальмалагічнай меддапамогі. Не ўсюды ёсць прафесійнае абсталяванне, - адзначыў Яраслаў Ліхачэўскі. - Ёсць праграма, па якой выязная брыгада афтальмолагаў наведвае аддаленыя населеныя пункты і дыягнастуе там захворванні вачэй у дзяцей. Мы разлічваем, што наша распрацоўка будзе карысная ў тых рэгіёнах, куды такая дапамога яшчэ не паспела дайсці".

Работа ў гэтым напрамку пачалася ў снежні 2016 года, але актыўная распрацоўка праекта вядзецца толькі з пачатку верасня. Цікавасць да распрацоўкі праявілі некалькі інвестараў.

6 кастрычніка 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/118/40881
Текущая дата: 19.11.2024