Белорусский портал в Казахстане

Эксперты не знайшлі пашкоджанняў на корпусе рэактара для Беларускай АЭС



Такая інфармацыя размешчана на сайце БелАЭС.

29 снежня з удзелам прадстаўнікоў генеральнага канструктара, завода-вытворцы, Беларускай чыгункі, кампаніі перавозчыка, страхавой кампаніі, заказчыка і генпадрадчыка праведзены агляд усіх элементаў корпуса рэактара.

"Для агляду апорнага бурта быў зняты засцерагальны кажух. У выніку агляду ніякіх пашкоджанняў не знойдзена", - гаворыцца ў паведамленні.

26 снежня пры правядзенні манеўравых работ у час транспарціроўкі корпуса рэактара для Беларускай АЭС на станцыі Слаўнае Беларускай чыгункі адбылося нязначнае датыканне металічнага транспартнага кажуха, які засцерагае апорны бурт корпуса рэактара, з полай жалезабетоннай апорай кантактнай сеткі.

Пры гэтым скорасць руху састава была амаль 3 км/гадз. Корпус рэактара прыбыў на пляцоўку Беларускай АЭС напярэдадні ў 22.00.

"У адпаведнасці з рэгламентам уваходны кантроль корпуса рэактара, як і любога іншага абсталявання, што паступае на АЭС, будзе ажыццёўлены ў штатным рэжыме з удзелам спецыялістаў адпаведных арганізацый", - адзначаецца ў паведамленні БелАЭС.

30 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/129/38214
Текущая дата: 19.11.2024