Белорусский портал в Казахстане

Моладзевы саюз Германіі праяўляе інтарэс да праектаў з Беларуссю ў журналістыцы і ІТ-сферы



Аб гэтым паведаміў Юнес Уакас, кіраўнік дэлегацыі саюза, якая наведвае Мінск.

Паводле слоў Юнеса Уакаса, дэлегацыя прыбыла ў Мінск для азнаямлення з краінай, яе развіццём і патэнцыялам.

"Мы прыехалі ў Беларусь не для таго, каб вучыць некага, а, наадварот, вучыцца самім. Вельмі шмат даведаліся пра краіну і атрымалі ўражанні, якія дапамогуць у нашай рабоце", - падкрэсліў Юнес Уакас. Пры гэтым ён удакладніў, што вялікі інтарэс у Моладзевага саюза Германіі выклікаюць праекты ў галіне мас-медыя і інфармацыйных тэхналогій, дзе двухбаковае супрацоўніцтва можа развівацца найбольш эфектыўна.

"Гэта ўзаемадзеянне паміж нямецкімі і беларускімі журналістамі, інавацыі ў галіне інфармацыйных тэхналогій", - сказаў ён. Юнес Уакас таксама дадаў, што дэлегацыя Моладзевага саюза Германіі плануе ў бліжэйшым будучым чарговы раз наведаць Беларусь. "Я ўпэўнены, што ў нас будзе паўторны візіт у Беларусь, і не выключаю, што гэта адбудзецца праз пару месяцаў", - рэзюмаваў ён.

3 кастрычніка дэлегацыя Моладзевага саюза Германіі наведала інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, азнаёмілася са структурай і спецыфікай яго работы, вывучыла асаблівасці падрыхтоўкі і выпуску выданняў "7 дней", "Беларуская думка", "Экономика Беларуси".
_______________________________________

Моладзевы саюз Германіі - сумесная моладзевая арганізацыя палітычных партый Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Хрысціянска-сацыяльны саюз (партыйны блок ХДС/ХСС). Яна налічвае каля 120 тыс. членаў ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў. Дзейнасць саюза накіравана на папулярызацыю палітычных прыярытэтаў блока ХДС/ХСС у асяроддзі моладзі, а таксама забеспячэнне ўліку інтарэсаў маладога пакалення ў рабоце гэтых партый.


3 кастрычніка 2016, Мінск
Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/134/37152
Текущая дата: 19.11.2024