Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і ЮНЕСКА плануюць пашырыць супрацоўніцтва



Аб гэтым заявіў 20 верасня галоўны вучоны сакратар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі на адкрыцці 86-га пасяджэння Выканкама Сусветнай федэрацыі навуковых работнікаў па тэме змянення клімату і развіцця альтэрнатыўных крыніц энергетыкі.

"Сусветная федэрацыя навуковых работнікаў узаемадзейнічае з ЮНЕСКА, што вельмі важна і для Беларусі, - падкрэсліў Аляксандр Кільчэўскі. - ЮНЕСКА аб`яўляе шэраг конкурсаў, праграм, праектаў, у якіх мы маглі б удзельнічаць. Таму такое ўзаемадзеянне, гэты форум, які ўпершыню праводзіцца ў нашай краіне, стане новым крокам у нашым супрацоўніцтве".

Паводле слоў прэзідэнта федэрацыі Жан-Поля Лайнэ, які ўзначальвае дэлегацыю ў Мінску, арганізацыя аб`ядноўвае вучоных з розных краін свету для вырашэння глабальных праблем.

"Канферэнцыя арганізавана беларускімі і расійскімі вучонымі, а навука гэтых краін у галіне энергетыкі вельмі развіта. Таму меркаванне вучоных па гэтай тэматыцы нам вельмі цікава", - сказаў ён.

Навуковы сімпозіум будзе праходзіць у Мінску да 23 верасня. У мерапрыемстве прымуць удзел вядучыя вучоныя Францыі, Кітая, Партугаліі, Японіі, Расіі і іншых краін. Асноўныя даклады будуць прысвечаны змяненню клімату і ролі чалавечай дзейнасці ў гэтым працэсе. Сусветная федэрацыя навуковых работнікаў - гэта міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая аб`ядноўвае вучоных, выкладчыкаў і інжынерна-тэхнічных работнікаў з 18 краін свету.

Федэрацыя з`яўляецца афіцыйным партнёрам ЮНЕСКА, прадстаўляе інтарэсы навуковых работнікаў і выступае з ініцыятывамі па праблемах змянення клімату, энергетыкі, даступнасці пітной вады і раззбраення.

20 верасня 2016, Мінск
Аляксандра Шведава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/137/37030
Текущая дата: 28.12.2024