Белорусский портал в Казахстане

Беларусь плануе прапанаваць ААН рэзалюцыю па барацьбе са спайсамі



Перад сусветнай супольнасцю стаіць задача вызначыць шляхі міжнароднага супрацоўніцтва у напрамку барацьбы с наркотыкамі.

Аб гэтым паведаміў 27 жніўня начальнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Вадзім Пісарэвіч у час рэспубліканскага круглага стала "Беларусь - ААН: 70 гадоў разам", які праходзіць у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"Цяпер мы вельмі сур`ёзна думаем аб ініцыятыве аб барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў. Праблема ў тым, што ў 1961 і 1971 гадах былі прыняты Канвенцыі ААН, якія забараняюць канкрэтныя наркотыкі. Але сучасная хімія зайшла так далёка, што вельмі хутка вырабляюцца рэчывы, якія нібы і не з`яўляюцца наркатычнымі, але ў той жа час маюць такі ж эфект пасля іх ужывання", - сказаў Вадзім Пісарэвіч.

Паводле яго слоў, цяпер стаіць задача вызначыць шляхі міжнароднага супрацоўніцтва - што рабіць з такімі відамі наркотыкаў, псіхаактыўнымі рэчывамі. "Мы думаем над гэтай тэмай і лічым, што ў сакавіку наступнага года вылучым адпаведны праект рэзалюцыі, які вызначыць напрамкі супрацоўніцтва ў гэтай галіне", - дадаў начальнік упраўлення.

Круглы стол у Інстытуце гісторыі НАН прысвечаны 70-годдзю ўтварэння Арганізацыі Аб`яднаных Нацый, адной з краін-заснавальніц якой з`яўляецца Беларусь. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства абароны, МУС, Савета Рэспублікі, Нацыянальнай акадэміі навук і вышэйшых навучальных устаноў.

27 жніўня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/148/32501
Текущая дата: 06.10.2024