Белорусский портал в Казахстане

На замену магнітных картак на карткі з чыпам плацежнай сістэме "Белкарт" спатрэбіцца прыкладна 3 млн. долараў



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе нацыянальнай плацежнай сістэмы.

На замену ўсіх магнітных картак на карткі з мікрапрацэсарам плацежнай сістэме "Белкарт" спатрэбіцца прыкладна 3 млн. долараў ЗША.

Беларускія банкі з 1 ліпеня перайшлі на выпуск чыпаваных картак. Паступова гэтыя карткі заменяць на рынку Беларусі больш прывычныя з магнітнай паласой. Перавагамі новых картак спецыялісты называюць больш высокую ступень абароненасці ад узлому, а таксама дадатковыя магчымасці для бізнесу на аснове праграм, распрацаваных банкамі-эмітэнтамі. Гэта дазволіць значна пашырыць асартымент плацежных паслуг для кліентаў.

Як зазначаюць спецыялісты "Белкарта", праект патрабуе сур`ёзных інвестыцый як з боку дзяржаўнага, так і прыватнага банкаўскага сектара. Так, напрыклад, адна картка з чыпам у сярэднім абыходзіцца на 30-50 цэнтаў даражэй за картку з магнітнай паласой. Важны этап — гэта замаўленне ці распрацоўка ўласнай аперацыйнай сістэмы і адпаведнай плацежнай праграмы для ўстаноўкі на чыпаваныя карткі. Апрача таго, патрабуецца мадэрнізацыя праграмнага забеспячэння ўсіх перыферыйных банкаўскіх прыстасаванняў. Такім чынам, бізнесу давядзецца ўзяць на сябе частку затрат па мадэрнізацыі праграмнага забеспячэння, POS-тэрміналаў, касавага абсталявання і кіёскаў самаабслугоўвання.

Выканаўца абавязкаў дырэктара ЗАТ "Плацежная сістэма Белкарт" Уладзімір Гусараў звяртае ўвагу, што ў Беларусі ўвесь карткавы партфель ацэньваецца ў 12,5 млн. картак, з іх 5,2 млн. прыпадае на "Белкарт". Адначасова перавесці такі аб`ём "пластыку" на чыпавую тэхналогію — дарагое мерапрыемства ў першую чаргу для банкаў, менавіта таму карткі "Белкарт" поўнасцю перавядуць на чып не раней за 2019-2020 гады. 

"Сёння карткі нацыянальнай плацежнай сістэмы з магнітнай паласой прадугледжваюць увод пін-кода пры любой транзакцыі і з`яўляюцца найбольш абароненым плацежным інструментам фінансавых аперацый унутры краіны. Але паколькі справа тычыцца зручнасці і бяспекі нашых кліентаў, а таксама іміджу нацыянальнай плацежнай сістэмы, то перавод картак "Белкарт" на чып мы ажыццявім ва ўстаноўленыя тэрміны", — падкрэсліў Гусараў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/149/32193
Текущая дата: 06.10.2024