Белорусский портал в Казахстане

Эксперты СНД узгаднілі дакумент аб узаемным прызнанні льготаў і гарантый для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў



Пра гэта паведамляе прэс-служба Выканкама СНД.

У Выканаўчым камітэце СНД у Мінску 18 сакавіка завяршылася двухдзённае пасяджэнне міждзяржаўнай рабочай групы па дапрацоўцы і ўзгадненні праекта пратакола аб унясенні зменаў і дапаўненняў у пагадненне аб узаемным прызнанні льготаў і гарантый для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, сем`яў загінулых ваеннаслужачых.

Міждзяржаўнай рабочай групай праект пратакола быў дапрацаваны і большасцю галасоў узгоднены.

Матэрыялы пасяджэння будуць накіраваны ва ўрады краін СНД для разгляду і правядзення ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення. Пасля гэтага праект пратакола будзе ва ўстаноўленым парадку ўнесены на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці.

Пагадненне, падпісанае ўсімі дзяржавамі СНД, скіравана на ўзмацненне сацыяльнай абароны ветэранаў. Аднак з цягам часу некаторыя артыкулы дакумента састарэлі і запатрабавалі карэкціроўкі, таму было прынята рашэнне ўнесці ў дакумент папраўкі.

Нагадаем, пагадненне аб узаемным прызнанні льготаў і гарантый прадугледжвае, у прыватнасці, права на бясплатную хуткую і неадкладную медыцынскую дапамогу, льготнае абслугоўванне прадпрыемствамі і арганізацыямі службаў быту, гандлю, грамадскага харчавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаў і сем`яў загінулых ваеннаслужачых, якія жывуць у краінах СНД.

У пагадненні гаворыцца, што дзяржавы прымаюць меры для забеспячэння аховы магіл, помнікаў інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам баявых дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 19 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/158/30148
Текущая дата: 06.11.2024