Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ генерал-маёр Ігар Канашанкаў.
"Карабель ВМФ Расіі "Прыазоўе" з 308 грамадзянамі з 19 дзяржаў, эвакуіраваных учора з зоны ваенных дзеянняў у раёне Адэна (Емен), прыбыў у порт Джыбуці", — прыводзіць словы расійскае інфармагенцтва ТАСС.
Канашанкаў паведаміў, што "Прыазоўе" забраў з узбярэжжа Емена 45 расіян, 14 украінцаў, дзевяць беларусаў, восем узбекаў, пяць азербайджанцаў, трох туркмен. У ліку эвакуіраваных таксама грамадзяне ЗША, Вялікабрытаніі, Балгарыі, Эстоніі, Бахрэйна, Джыбуці, Емена, Самалі, Палесціны, Іярданіі, Кубы, Егіпта, Саудаўскай Аравіі.
Расійскі ваенны карабель выконвае ў Адэнскім заліве планавыя задачы ў межах антыпірацкай дзейнасці, заявіў Канашанкаў.
Раней, нагадаем, з Емена ўжо былі эвакуіраваныя 33 беларусы.
Сітуацыя ў Емене абвастрылася пасля захопу ўлады ў гэтай краіне шыітамі-хаўсітамі і ўцёкання прэзідэнта. Саудаўская Аравія 26 сакавіка пачала наносіць па тэрыторыі Емена авіяўдары. Дзеянні Эр-Рыяда падтрымаў збеглы прэзідэнт Емена і значная частка арабскіх краін.
У сваю чаргу лідар шыіцкага руху "Хезбалах" Хасан Насрала назваў дзеянні арабскіх краін агрэсіяй.
Саудаўская Аравія сцвярджае, што хаўсітаў актыўна падтрымлівае Іран, і таму захоп улады ў Емене можна лічыць знешняй агрэсіяй. Тэгеран рэзка асудзіў авіяналёты, адмаўляючы сваё ўмяшанне.
Паводле звестак СААЗ, падчас баявых дзеянняў у Емене, па стане на 6 красавіка, загінулі 643 чалавекі, 2.226 атрымалі раненні. Больш як 254 тыс. еменцаў пакінулі краіну.
БелаПАН
Мінск, 12 красавіка 2015
Мінск, 12 красавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/158/30489
Текущая дата: 26.12.2024