Вечарам 21 лютага пад Луганскам канфліктуючыя ва Украіне бакі абмяняліся палоннымі.
Гэта першы буйны абмен пасля падпісання 12 лютага ў Мінску мірных дамоўленасцяў, паведамляе інфармагенцтва УНІАН. 139 украінскіх ваенных былі вызваленыя ў абмен на 52 данбаскія баевікі.
Раніцай 22 лютага 133 украінскія салдаты прыбылі ў Харкаў, дзе па даручэнні прэзідэнта Пятра Парашэнкі ім павінна быць аказаная ўсебаковая дапамога. Яшчэ шасцёра вызваленых з палону накіраваныя ў ваенны шпіталь у Арцёмаўску. "Псіхалагічны стан байцоў ацэньваецца як нармальны", — гаворыцца ў паведамленні Харкаўскай абласной адміністрацыі.
Мінскія дамоўленасці прадугледжваюць вызваленне ўсіх заложнікаў і абмен палоннымі на працягу 19 дзён. Яшчэ адзін украінскі салдат павінен быць вызвалены ў бліжэйшыя дні, паведамляе УНІАН.
"Украинская правда" тым часам са спасылкай на кіраўніка ўкраінскай групы ваенных у сумесным каардынацыйным цэнтры па кантролі за спыненнем агню Пятра Каноніка паведаміла вечарам 21 лютага, што лідары самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі ўзгаднілі дакументы па адводзе цяжкага ўзбраення. "Літаральна гадзіну таму прадстаўнік Расіі ў сумесным цэнтры Аляксандр Лянцоў падпісаў у Захарчанкі, а перад гэтым у Платніцкага дакументы па адводзе цяжкіх узбраенняў. Час "Ч" настае з заўтрашняга дня, 22 лютага", — сказаў Канонік.
Комплекс мер па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, які складаецца з 13 пунктаў, быў падпісаны ў Мінску 12 лютага ўдзельнікамі трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ), а таксама лідарамі ДНР і ЛНР. У ліку найважнейшых пунктаў — поўнае спыненне агню, адвод цяжкіх узбраенняў абодвума бакамі на роўныя адлегласці з мэтай стварэння зоны бяспекі, а таксама вызваленне і абмен усіх заложнікаў і асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца, на аснове прынцыпу "ўсіх на ўсіх".
БелаПАН
Мінск, 22 лютага 2015
Мінск, 22 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/159/29761
Текущая дата: 05.11.2024