У нацыянальным парку "Белавежская пушча" будзе створаны навукова-селекцыйны цэнтр па вывучэнні, захаванні і ўстойлівым выкарыстанні папуляцыі зуброў "НІКОР", паведамляе сайт пушчы.
Цэнтр плануецца адкрыць на тэрыторыі Хвойніцкага лясніцтва ў 2015—2016 гадах з мэтай "доўгачасовага захавання зубра як біялагічнага віду з максімальна магчымай генетычнай разнастайнасцю".
25 лютага адбылося грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння новага аб`екта на навакольнае асяроддзе. Як адзначылі ў нацпарку , удзельнікаў слуханняў цікавілі пытанні ўплыву будаўніцтва і функцыянавання цэнтра на дрэвастоі на тэрыторыі загонаў для ўтрымання зуброў, захаванасці папуляцыі мядзведжай цыбулі, што расце паблізу запраектаванай агароджы, пагрозы для запаведнай зоны Белавежскай пушчы ў цэлым, а таксама верагоднасць пападання прадуктаў жыццядзейнасці зубра з меліярацыйных каналаў у трансгранічныя з польскім бокам вадацёкі.
"Прадстаўнікі грамадскасці прыйшлі да высновы, што стварэнне навукова-селекцыйнага цэнтра не акажа значнага ўплыву на стан прыродных комплексаў нацыянальнага парку. Экалагічныя прыярытэты захавання ў доўгатэрміновай перспектыве белавежскага зубра прадвызначаюць мэтазгоднасць выканання гэтага праекта, што будзе спрыяць умацаванню пазітыўнага іміджу Белавежскай пушчы і эфектыўнаму кіраванню папуляцыяй гэтага віду", — гаворыцца ў паведамленні.
У Беларусі жыве каля 1,2 тыс. зуброў, за апошнія 20 гадоў іх колькасць павялічылася ў 3,5 разу. У 2011 годзе была зацверджана канцэпцыя захавання і ўстойлівага выкарыстання зуброў, якая прадугледжвае стабілізацыю колькасці гэтых жывёл у Беларусі на ўзроўні 1,5 тыс. асобін, развіццё генетычнага патэнцыялу беларускай папуляцыі і падтрыманне стабільнага росту мікрапапуляцый.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 9 сакавіка 2015
Мінск, 9 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/161/30004
Текущая дата: 26.12.2024