Інфармацыя пра грамадзян Беларусі, указаных у спісе ўдзельнікаў украінскага батальёна "Данбас", правяраецца, паведаміў прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх.
"Данбас" — добраахвотніцкі батальён у складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны, сфармаваны ў красавіку 2014 года пераважна з жыхароў Украіны для процідзеяння ўзброеным фарміраванням самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.
"Прафілактычную працу па недапушчэнні ўцягвання беларускіх грамадзян у ваенныя канфлікты на тэрыторыі іншых дзяржаў так ці інакш праводзяць усе праваахоўныя органы Беларусі. Сітуацыя імі кантралюецца", — сказаў Стрэх.
Ад каментарыяў наконт Дзмітрыя Палойкі, затрыманага 11 снежня ў Баранавічах пасля вяртання з Украіны, Стрэх адмовіўся.
Як паведамлялася раней, жыхар Баранавіч Палойка быў затрыманы 11 снежня на вакзале. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта www.spring96.org, Дзмітрыя асудзілі на 10 сутак паводле абвінавачвання ў дробным хуліганстве і змясцілі ў следчы ізалятар. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, міліцыя выклікае на допыты яго сваякоў, чаго звычайна не робіцца, калі чалавек абвінавачаны ў дробным хуліганстве.
15 снежня высветлілася, што Палойка значыцца ў апублікаваных на сайце "КиберБеркут" спісах батальёна "Данбас". Акрамя Палойкі там яшчэ пяць прозвішчаў грамадзян, месцам нараджэння якіх указаная Беларусь.
Праверыць сапраўднасць спісаў зараз немагчыма. Спісы зробленыя ў фармаце табліцы Exell і ўтрымліваюць укладкі "Штат 09.2014", "Кадры", "Добраахвотнікі", "Камандзіроўкі", "Мір", "Папаўненне", "Кіеў" і "Анкета". У раздзеле "Кадры" ёсць прозвішчы чатырох мужчын, месцам нараджэння якіх указаная Беларусь, яны прыпісаныя да беларускіх ваенкаматаў, іх узрост ад 35 да 41 года. Яшчэ ў аднаго згаданага ў спісе, 1990 года нараджэння, месцам нараджэння ўказаная Беларусь, але ён прыпісаны да ваенкамата ў Кіеве. Шосты мужчына, 1972 года нараджэння, нарадзіўся ў Беларусі, аднак звестак пра месца яго пражывання і прыпіскі да ваенкамата няма.
БелаПАН звязаўся па тэлефоне з адным з беларусаў, які таксама служыць у батальёне "Данбас", знаёмы з Дзмітрыем Палойкам і знаходзіцца ў Марыупалі (яго прозвішча ёсць ў распараджэнні рэдакцыі).
"Я думаю, затрыманне Палойкі звязанае з тым, што ён мае дачыненне да "Данбаса", — сказаў суразмоўца агенцтва. — У мяне ёсць асцярога, што практыка будзе распаўсюджаная на ўсіх, хто будзе вяртацца ў Беларусь. Маім сваякам таксама тэлефанавалі і цікавіліся, дзе я знаходжуся". Паводле слоў суразмоўцы, Палойка "ў нейкіх сур`ёзных бітвах не ўдзельнічаў і некалькі разоў з красавіка прыязджаў у Беларусь".
На пытанне, чаму беларусы едуць ва Украіну на не сваю вайну, ён адказаў: "Аднойчы хапіла мужнасці сесці на цягнік і прыехаць. Расказваць падрабязна пра сваё жыццё ва Украіне не буду, гэта ж артыкул на мяне". Паводле слоў суразмоўцы, у будучыні ён плануецца вярнуцца ў Беларусь. Ён таксама адзначыў, што беларусы, уцягнутыя ў баявыя дзеянні ва Украіне, фактычна не абароненыя ні ў Беларусі, ні ва Украіне.
Яшчэ адзін беларус, указаны ў спісе, заявіў, што не мае ніякага дачынення да батальёна "Данбас". "Я жыву ва Украіне, я выхадзец з Беларусі, — сказаў ён. — Аднак мне незразумела, як у гэты спіс трапілі мае звесткі. У дзеяннях ніякіх батальёнаў я не ўдзельнічаў. Я вяду наогул спакойнае жыццё, не ўдзельнічаю ні ў якіх батальёнах, ні палітычных падзеях. Я не ведаю, куды мне звярнуцца, каб паўплываць на сітуацыю".
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык паведаміў, што паводле даручэння беларускага знешнепалітычнага ведамства пасольствам у Кіеве "з кіраўніцтвам МУС Украіны і іншых упаўнаважаных структур дасягнутая дамоўленасць аб неадкладным даванні ўкраінскім бокам інфармацыі пра беларускіх грамадзян, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на паўднёвым усходзе Украіны, а таксама пра тых, хто апынуліся ў праблемных сітуацыях у сувязі са становішчам у гэтым рэгіёне". "На гэты час якой-небудзь інфармацыі ад украінскага боку намі не атрымана", — сказаў Мірончык.
Таццяна Каравянкова, Алена Спасюк, Вячаслаў Будкевіч
Мінск, 15 снежня 2014, БелаПАН
Мінск, 15 снежня 2014, БелаПАН
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/164/28643
Текущая дата: 05.11.2024