Белорусский портал в Казахстане

Наркагандляры любяць Мытны саюз



Наркотыкі трапляюць у Беларусь у асноўным з краін Азіі транзытам праз Расею.

Беларусь застаецца краінай транзытнага наркатрафіку і ўсё шырэйшага спажываньня новых («дызайнэрскіх») наркотыкаў і курыльных сумесяў. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі начальнік галоўнай управы па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч.

«Новымі» называюць самыя сучасныя наркатычныя рэчывы, пераважна сынтэтычныя. Вытворцы ўвесь час мяняюць іх хімічныя формулы.

Паводле Васіля Лосіча, «новыя» наркотыкі складаюць ужо 70% наркатычнага рынку Беларусі. Асноўнае месца паходжаньня гэтых наркотыкаў — Кітай ды іншыя краіны азіяцкага рэгіёну.

Зь якіх яшчэ краін сьвету паступаюць наркотыкі ў Беларусь? Васіль Лосіч гэтак адказаў на пытаньне:

"За мінулы 2014 год у нас выяўлена і спынена 40 каналаў трапленьня наркотыкаў. Частка зь іх транзытныя, якія не былі прызначаныя для спажываньня ў Беларусі, але мы іх таксама адсочвалі. Прыкладам, восеньню была затрыманая вялікая партыя гераіну з Кіргізстану, якая ішла часткова ўва Ўкраіну, а часткова ў Літву. Нам удалося гэтую партыю перахапіць. Што да каналаў наркотыкаў непасрэдна ў Беларусь, то ў асноўным яны ідуць да нас праз Расею. Паўночны маршрут аўганскіх апіятаў прадугледжвае, што яны ідуць праз Расею, потым празь Беларусь і Ўкраіну на Эўропу. Гэты маршрут, паводле ацэнак, складае чвэрць усяго аўганскага гераіну. І частку праблемаў, якія спараджае гэты паток, мы спазнаем на сабе. Паколькі Мытны саюз прадугледжвае адсутнасьць бар’ераў — мяжы, мытні — то, безумоўна, транзытчыкі наркотыкаў яго абіраюць, бо лічаць яго больш бясьпечным.

Другая група наркотыкаў, гэтыя «новыя» наркотыкі, ідзе праз Расею поштаю, і тут мы цяпер пабудавалі моцны заслон гэтаму кірунку. Тут сытуацыя пачала абвастрацца з 2013 году дзякуючы новым магчымасьцям. Адну дозу можна атрымаць, маючы 2 тысячныя грама рэагенту — гэта зусім мала. Яго можна поштай адправіць, у саматужных умовах разьвесьці і атрымаць вялікую колькасьць дозаў для спажываньня. Карэспандэнцыю ў Беларусь мы жорстка кантралюем, але тая карэспандэнцыя, якая ідзе з Расеі транзытам праз нашу краіну, — крыніца вялікіх праблемаў.

У нас традыцыйна праблемныя зоны ў пастаўках сынтэтычных наркотыкаў — гэта Літва і Польшча. Таксама адтуль ідуць наркотыкі амфэтамінавага шэрагу. Праблемаў з расьліннымі наркотыкамі нам дадае Ўкраіна, адкуль ідзе макавая саломка і насеньне маку — сыравіна вырабляць опіюм. Транзытны гашыш ідзе таксама з Гішпаніі і Галяндыі, а туды трапляе з Марока. Мы перахоплівалі таксама некалькі паставак гераіну з краінаў Паўднёвай Амэрыкі.

Што да курыльных сумесяў, дык тут асноўны пастаўшчык — краіны азіяцкага рэгіёну побач з Кітаем і сам Кітай. Але паставак наўпрост адтуль мы ўжо не назіраем, як было ў 2013 годзе. Цяпер адтуль у асноўным ідуць паштовыя адпраўленьні праз Расею".

Паводле прагнозу Васіля Лосіча, з увядзеньнем у 2015 годзе крымінальнай адказнасьці за правоз наркотыкаў празь мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй гэты транзытны паток удасца скараціць. Раней, паводле міліцыянта, былі розныя падыходы. Прыкладам, правоз наркотыкаў празь межы Беларусі з краінамі Эўразьвязу кваліфікаваўся як кантрабанда наркотыкаў, а празь мяжу з Расеяй — толькі як «хаваньне», што каралася ня гэтак цяжка.

Васіль Лосіч паведаміў, што ў шэрагах беларускай міліцыі зьявілася «наркатычная выведка» — адмысловыя падразьдзяленьні па выведцы ў галіне нарказлачыннасьці. Сярод расьсьледаваных спраў аб распаўсюдзе наркотыкаў у Беларусі ёсьць справа, у якой фігуруюць і прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія дапамагалі наркадзялкам. Дэталі гэтай справы, як мяркуе Васіль Лосіч, будуць неўзабаве паведамленыя грамадзкасьці.

Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода, 14 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/164/29017
Текущая дата: 27.12.2024