Бразыліа выказала абурэньне.
Улады Бразыліі выказалі абурэньне пакараньнем сьмерцю ў Інданэзіі па абвінавачваньні ў кантрабандзе наркотыкаў аднаго з бразыльскіх грамадзян.
Марка Арчэр Кардоса Марэйра быў арыштаваны ў 2003 годзе, калі паліцыя Джакарты знайшла ў частках яго дэльтапляну больш за 13 кіляграмаў какаіну. Разам з 53-гадовым бразыльцам у нядзелю па аналягічным абвінавачваньні пакаралі сьмерцю яшчэ пяцёх асуджаных — з Інданэзіі, Малаві, Нігерыі, Віетнаму і Нідэрляндаў. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне праз расстрэл.
Як адзначаюць у Бразыліа, гэта першы выпадак пакараньня бразыльца за мяжой. Прэзыдэнт Бразыліі Дылма Русэф заявіла, што ўзрушаная тым, што адбылося, і што сытуацыя адаб’ецца на адносінах паміж дзьвюма краінамі. Бразыльскі амбасадар у Джакарце адкліканы для кансультацыяў. Свайго амбасадара адклікалі і Нідэрлянды. Міністар замежных справаў краіны Берт Кундэрс назваў пакараньне нідэрляндзкага падданага «непрымальным адмаўленьнем чалавечай годнасьці і права на жыцьцё».
Інданэзійскія законы ў дачыненьні да тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, лічацца аднымі з самых жорсткіх у сьвеце. Прэзыдэнт Джока Відода падкрэсьлівае, што ня можа быць міласэрнасьці да тых, хто разбурае «так шмат» іншых жыцьцяў.
Радыё Свабода, 18 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/164/29057
Текущая дата: 27.12.2024