Белорусский портал в Казахстане

Беларускі анімацыйны фільм "Піліпка" стаў уладальнікам Гран-пры кінафестывалю "Прамяністы анёл" у Маскве



Пра гэта паведаміла прэс-служба Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

Беларуская карціна "Піліпка" рэжысёра Таццяны Кубліцкай стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу анімацыйных фільмаў X Міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю "Прамяністы анёл", які завяршыўся 8 лістапада ў Маскве.

Раней карціна стала лепшай на 53-м Міжнародным кінафестывалі фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Зліне (Чэхія), а таксама атрымала ўзнагароды XIV кінафестывалю дзіцячага кіно "Казка" ў Маскве і XVIII адкрытага расійскага фестывалю анімацыйнага кіно ў Суздалі.

У аснове сюжэту "Піліпкі" ляжыць аднайменная беларуская народная казка пра маленькага хлопчыка, які "сваёй дабрынёй здолеў растапіць сэрца злоснай Бабы Ягі і выратаваць сваё жыццё".

У сёлетнім фестывалі "Прамяністы анёл" узялі ўдзел 160 гульнявых, дакументальных і анімацыйных фільмаў з 11 краін.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/176/24073
Текущая дата: 05.11.2024