Белорусский портал в Казахстане

Дваццаць два гады таму спыніў сваё існаванне Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік



Дваццаць два гады таму — 8 снежня 1991 года — у рэзідэнцыі "Віскулі" ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і кіраўнікі ўрадаў трох славянскіх рэспублік СССР падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Гэтак званае Белавежскае пагадненне паклала канец 69-гадовай гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прычым аб спыненні існавання СССР як суб`екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці аб`явілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі.

Праз 13 дзён, 21 снежня, у Алма-Аце кіраўнікі 11 новых суверэнных дзяржаў (апрача прыбалтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол да пагаднення аб стварэнні СНД, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках ствараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР. У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія. Але ў 2009 годзе, праз год пасля ўзброенага канфлікту з Расіяй, яна пакінула гэта міждзяржаўнае ўтварэнне.

Садружнасць дзейнічае на падставе статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22 студзеня 1993 года. У ім вызначаны ўмовы членства дзяржаў у СНД, сфармуляваны мэты і прынцыпы калектыўнай бяспекі і ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, прадухілення канфліктаў і вырашэння спрэчак, узаемадзеяння ў эканамічнай, сацыяльнай і прававой галінах, міжпарламенцкіх сувязяў, замацавана суверэнная роўнасць усіх членаў. Падкрэслена, што краіны, якія ўваходзяць у СНД, з`яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб`ектамі міжнароднага права.

Садружнасць не з`яўляецца дзяржавай і не валодае наднацыянальнымі паўнамоцтвамі. Узаемадзеянне краін у межах СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя інстытуты: Савет кіраўнікоў дзяржаў, Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую асамблею, Выканаўчы камітэт, які з`яўляецца правапераемнікам Выканаўчага сакратарыята СНД і Міждзяржаўнага эканамічнага камітэта Эканамічнага саюза, і інш.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 снежня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/176/24351
Текущая дата: 05.11.2024