Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паспяхова дапамог пераадолець найбольш вострую фазу сітуацыі ў Расіі, звязанай са спробай ваеннага бунту кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына.
Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў напружаны суботні дзень, які ўключаў нарады з сілавікамі і вайскоўцамі, кантакты з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і перагаворы з Яўгенам Прыгожыным. Перагаворы доўжыліся на працягу ўсяго дня, і ў выніку развязкі знойдзены.
Як развівалася сітуацыя
Федэральная служба бяспекі Расіі распачала крымінальную справу супраць кіраўніка і заснавальніка прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» Яўгена Прыгожына ў сувязі з заклікам да ўзброенага мецяжу. Пастанова была прынята ў сувязі з распаўсюджанымі раней у сацыяльных сетках паведамленнямі і відэаматэрыяламі, у якіх Яўген Прыгожын сцвярджае, што з боку МА РФ былі зроблены ўдары па тылавых лагерах ПВК. Міністэрства абароны апублікавала абвяржэнне гэтай інфармацыі. У ваенным міністэрстве РФ таксама адзначылі, што яна з’яўляецца дезай, якая носіць характар правакацыі. ФСБ Расіі пасля ўзбуджэння крымінальнай справы запатрабавала спыніць проціпраўныя дзеянні.
Пра падзеі вакол Яўгена Прыгожына быў абвешчаны Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў удакладніў, што прымаюцца ўсе меры, якія патрабуюцца. Пазней Пяскоў паведаміў, што Мінабароны, ФСБ, МУС, Расгвардыя ў кругласутачным рэжыме дакладвалі Пуціну аб прымаемых мерах пасля дадзеных кіраўніком дзяржавы даручэнняў у сувязі са спробай узброенага бунту, інфармаваў ТАСС.
Мінабароны РФ назвала ўзброеным мяцяжом сітуацыю з Прыгожыным. У Міністэрстве заклікалі прадстаўнікоў ПВК «Вагнер» праявіць разважлівасць і выйсці на сувязь з прадстаўнікамі ведамства або праваахоўных органаў. Крыху пазней у Мінабароны заявілі, што ўжо дапамаглі камандзірам і байцам «Вагнера», якія звярнуліся да ведамства, бяспечна вярнуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі.
Намеснік камандуючага аб’яднанай групоўкай расійскіх войскаў у раёне правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі Сяргей Суравікін заклікаў прыватную ваенную кампанію «Вагнер» падпарадкавацца загаду прэзідэнта Расіі і вырашыць усе праблемы мірным шляхам.
У некаторых абласцях Расіі з-за спробы ваеннага бунту быў уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, у тым ліку на тэрыторыі Масквы і Маскоўскай вобласці.
Ранішні званок ад Пуціна і нарады
Раніцай 24 чэрвеня прэзідэнт Расеі патэлефанаваў Прэзідэнту Беларусі, адбылася тэлефонная размова.
Уладзімір Пуцін праінфармаваў свайго беларускага калегу аб сітуацыі на поўдні Расіі з прыватнай ваеннай кампаніяй «Вагнер». Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб сумесных дзеяннях.
Аляксандр Лукашэнка на фоне падзей у Расіі правёў дзве нарады. Нарады прайшлі раніцай і пасля поўдзеня. На іх былі запрошаны кіраўніцтва сілавога блока і вайскоўцы.
Тым часам Уладзімір Пуцін выступіў з тэлезваротам, у якім заявіў, што расійскае кіраўніцтва не дасць паўтарыцца ў краіне грамадзянскай вайне. «Мы не дадзім гэтаму паўтарыцца, абаронім і наш народ, і нашу дзяржаўнасць ад любых пагроз, у тым ліку ад унутранай здрады», — заявіў прэзідэнт Расеі.
Дзеянні кіраўніцтва ПВК «Вагнер» Уладзімір Пуцін назваў здрадай. «Любая ўнутраная смута — смяротная пагроза для нашай дзяржаўнасці, — падкрэсліў ён. — Дзеянні супраць такой пагрозы будуць жорсткімі. Усе, хто свядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў узброены мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных метадаў, панясуць немінучае пакаранне. Адкажуць і перад законам, і перад нашым народам».
Уладзімір Пуцін таксама запэўніў, што як Прэзідэнт, Вярхоўны галоўнакамандуючы, як грамадзянін Расіі зробіць усё, каб адстаяць краіну, абараніць канстытуцыйны лад, жыццё і бяспеку, свабоду грамадзян.
Перагаворы Лукашэнкі з Прыгожыным
У развіццё дамоўленасцей з расійскім лідарам Прэзідэнт Беларусі, дадаткова ўдакладніўшы па наяўных уласных каналах сітуацыю, па ўзгадненні з Прэзідэнтам Расіі правёў перагаворы з кіраўніком ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным.
Перагаворы доўжыліся ўвесь дзень. У выніку чаго прыйшлі да дамоўленасцяў аб недапушчальнасці развязвання крывавай бойні на тэрыторыі Расіі. Яўген Прыгожын прыняў прапанову прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні руху ўзброеных асоб кампаніі «Вагнер» на тэрыторыі Расіі і далейшых кроках па дээскалацыі напружання.
«На гэты момант на стале — абсалютна выгадны і прымальны варыянт развязкі сітуацыі, з гарантыямі бяспекі для байцоў ПВК „Вагнер“», — інфармавала прэс-служба Прэзідэнта Беларусі.
Разварот на 180 градусаў
Неўзабаве пасля сенсацыйнай навіны аб удзеле Аляксандра Лукашэнкі ва ўрэгуляванні сітуацыі з’явілася навіна аб тым, што калоны ПВК «Вагнер» разгортваюцца і сыходзяць у зваротным кірунку. Пра гэта інфармавалі РІА Навіны са спасылкай на самога Яўгена Прыгожына.
«Разумеючы ўсю адказнасць за тое, што будзе праліта руская кроў з аднаго з бакоў, мы разгортваем свае калоны і сыходзім у зваротным кірунку ў палявыя лагеры згодна з планам», — сказаў ён.
Было таксама заяўлена пра намер байцоў ПВК «Вагнер» з’ехаць з Растова-на-Доне.
Вячэрняя размова з Пуціным
У дзевяць гадзін вечара 24 чэрвеня прэзідэнты Беларусі і Расіі зноў пагаварылі па тэлефоне.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна праінфармаваў Уладзіміра Пуціна аб выніках перагавораў з кіраўніцтвам ПВК «Вагнер».
Прэзідэнт Расіі падтрымаў і падзякаваў беларускаму калегу за праведзеную работу.
Звязда, 25 чэрвеня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/18/69862
Текущая дата: 16.11.2024