Белорусский портал в Казахстане

Удзельнікамі парада ў Маскве сталі 11 тыс. ваенных, 101 адзінка тэхнікі і 68 самалётаў



Ваенны парад войскаў, прысвечаны 68-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбыўся 9 мая ў Маскве на Краснай плошчы.

Удзельнікамі парада сталі больш як 11 тыс. ваеннаслужачых, 101 адзінка баявой тэхнікі і 68 самалётаў і верталётаў Ваенна-паветраных сіл Расіі.

Сёлетні парад стаў 139-м па ліку для войскаў Маскоўскага тэрытарыяльнага гарнізона. Прымаў парад міністр абароны РФ генерал арміі Сяргей Шайгу. Па традыцыі ва ўрачыстасцях прыняў удзел прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які заявіў, што Расія будзе заўсёды адстойваць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне і вечна шанаваць подзвіг яе ўдзельнікаў.

Уладзімір Пуцін запэўніў, што Расія зробіць усё, каб ніхто ніколі не адважыўся зноў развязаць вайну. "Мы памятаем, што значыць трагедыя вайны, і зробім усё, каб ніхто і ніколі не адважыўся яе зноў развязаць - не пагражаў нашым дзецям, нашаму дому, нашай зямлі. Зробім усё для ўмацавання бяспекі на планеце", - сказаў ён.

Парад складаўся з пешай, механізаванай і паветранай частак. Яго адкрылі рота барабаншчыкаў Маскоўскага ваеннага музычнага вучылішча, група з Дзяржаўным сцягам Расіі і Сцягам Перамогі і ганаровая варта са сцягамі відаў узброеных сіл, затым прайшлі парадныя разлікі расійскіх войскаў, падраздзяленні сілавых структур.

Следам на Красную плошчу выйшла сучасная ваенная тэхніка: бронеаўтамабілі "Тыгр", упершыню паказаныя бронетранспарцёры БТР-82А, танкі Т-90А, цягачы, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі "Мста-С", найноўшыя зенітныя ракетна-гарматныя комплексы "Панцыр-С", пускавыя ўстаноўкі аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу "Іскандэр-М", зенітна-ракетныя комплексы "Бук-М2", пускавыя ўстаноўкі зенітнай ракетнай сістэмы С-400 "Трыумф" і іншыя лепшыя ўзоры расійскай баявой тэхнікі.

Самай маляўнічай часткай парада стаў пралёт над Краснай плошчай у адзіным страі 68 самалётаў і верталётаў ВПС Расіі. Яны былі падзелены на 17 авіяцыйных груп з унікальнай па сваёй складанасці пабудовай. У паветранай частцы парада прынялі ўдзел самалёты Су-24, Су-25, Су-27, Су-34, МіГ-29, МіГ-31, Ан-22, Ан-124, Іл-76, Іл-78, А-50 , Ту-22М3, Ту-95 і Ту-160, а таксама верталёты Мі-8, Мі-26, Мі-28 і Ка-52. Такім чынам, былі прадстаўлены практычна ўсе тыпы самалётаў і верталётаў, якія стаяць на ўзбраенні ВПС краіны. Замкнулі парадны строй шэсць самалётаў-штурмавікоў са шлейфам дыму колераў расійскага сцяга.

Завяршыўся парад выкананнем марша "Развітанне славянкі".

9 мая 2013, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/185/21051
Текущая дата: 05.11.2024